і хутка вернецца. Але сонца падымалася ўсё вышэй, Йурай не вяртаўся, і хутка Лелю давялося прызнаць, што чакаць ім няма каго. На сырой звярынай сцежцы да вадапою, якая спускалася з пагорка і абыходзіла возера кругам, Ружана знайшла свежыя ваўчыныя сляды, што кіраваліся на поўнач. І, пакуль дзяўчына ўголас дзівілася, што такіх велізарных ваўкоў у іхніх краях яшчэ не бачылі, Лель сумна думаў пра белага ваўка, які сышоў некуды на поўнач на світанні, які знік, быццам здань, на дальнім азёрным беразе, сярод дзікіх пагоркаў ды вольных лугоў.
А яны з Ружанай вярталіся з бязлюддзя, што цяпер было прасякнута радаснымі птушынымі і звярынымі галасамі, да ўтравелых каляінаў дарогі. Ішлі побач, размаўляючы пра ўсё на свеце і ні пра што асабліва. Лель, у якога ўсё яшчэ замірала сэрца ад кожнай новай заўважанай у Ружане драбязінкі, зразумеў, што размова між імі тчэцца нязмушана, як бы сама сабой, што адзін жыва падхоплівае думку другога, нават калі не цалкам з ёю згодны. Што Ружана ўмее забаўна перадражніваць і свайго ўладарнага бацьку, і сяго-таго са знаёмых, што яна ўвогуле процьму рэчаў ведае і ўмее. І на дзіва хораша было ісці з ёй, дасціпнай, спрытнай і гнуткай, і нават цяжар старога мяча, які Лелю давялося несці, паклаўшы на плячо, быццам касу, падаваўся не такім ужо вялікім.
Старыя дубы перашэптваліся пад ветрам, блізка раздарожжа іх застаў, прыбіўшы пыл да зямлі, светлы бадзёры дожджык. Сінія і шэрыя хмары гусцелі над дарогаю далей: там сцяною ішла залева. Адсюль, з узвышша, відаць было выгін спакойнай ракі, палі і драўляныя вежы з барвовымі сцягамі – тыя падаваліся дробнымі, быццам маглі б змясціцца на далоні. А па дарозе ад вежаў, большаючы, насустрач ім дваім несліся, вырываючыся з непагадзі, вершнікі – збройныя, у панцырах і з дзідамі.
Тых вершнікаў яны сустрэлі трохі далей па дарозе. Кавалькада пранеслася была, але праз якое імгненне той, што скакаў першым, рэзка развярнуў варанога каня і спешыўся. І, сцягваючы шалом, подбегам кінуўся па ўзбочыне назад, да Ружаны. Хмурыў бровы, такія ж упартыя, як і ў дзяўчыны, а ў русых кудзерах, схопленых простым скураным шнурком, у кучаравай барадзе серабрыліся нітачкі сівізны. Лель згледзеў цяжкую залатую грыўну на шыі вершніка, заўважыў, што і адзенне, і панцыр на ім тонкай работы, – і зразумеў, што гэта мясцовы ўладар і Ружанін бацька. Зразумеўшы, адразу зніякавеў: яму чамусьці адчайна не хацелася, каб бацька Ружаны быў князем.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.