Маргарыта Латышкевіч

Вершнікі на дарозе


Скачать книгу

ўрачыста несла стары меч, завярнуўшы яго ва ўласны плашч.

      – Ты, Мядзведжае Вушка, – сказала яна, калі месяцовая дарожка зноў рассыпалася па хвалях.

      Лель прыўзняў брыво, а Ружана, слаба ўсміхаючыся, паўтарыла мянушку і працягнула яму меч.

      – Хай у цябе лепш будзе, – дадала. – На маю руку цяжкаваты ўсё-такі.

      Лель усміхнуўся быў, але ад руху вуснаў балюча тарганула параненую скулу. Ён пытальна глянуў на Йурая – а той моўчкі глядзеў на меч, які Ружана трымала на далонях. Святло поўні слізгала па бледным лязе, нібы пазбягаючы кранацца вуглаватых чорных знакаў, уплаўленых у метал.

      – Вазьмі, калі ласка, – з мяккай настойлівасцю папрасіла Ружана. – Цэлы край ад навалы выбавіць – гэта не жарты.

      І, кашлянуўшы, заўважыла, што яе бацька, які гаспадарыць у навакольных землях, канечне, узнагародзіць самым лепшым чынам, ды і людзі ўзрадуюцца. Столькі гадоў доўжыўся кашмар – а зараз-та зноў мір і спакой.

      Яна зноў гаварыла з тою сваёй шчырай гарачнасцю, так што Лель і словы яе падзякі, і запрашэнне, і стары меч з халоднага жалеза не мог не прыняць. Але, прымаючы, бачыў, як пазмрачнеў твар Йурая.

      Праўда, лютніст маўчаў. І калі Ружана, паружавеўшы, звярнулася са сваёю падзякаю і захапленнем да яго, і тады, калі ўсе трое, стомленыя, вырашылі да світання ўладкавацца для адпачынку пад адным з вячыстых дубоў. Лель назбіраў сухога вецця, а Ружана, вылавіўшы з мяшэчка на поясе крэсіва, спрытна развяла вогнішча. Тое было самае звычайнае, чалавечае, і чырвоныя языкі пужліва адхіляліся ад спахмурнелага Йурая, быццам пад подыхам марознага ветру.

      – Стаміўся? – спагадліва спытаў Лель у лютніста. Той, зірнуўшы на яго спачатку непаразумела, быццам пытанне вырвала яго з плыні думак, змушана паківаў.

      – Я мушу… – пачаў быў Йурай, але тут жа сціх. Паморшчыўшыся, з гідлівасцю паглядзеў на стары меч, які Лель зараз трымаў на каленях, бо спрабаваў разабраць знакі на клінку. Закляцце, уплаўленае ў метал, злёгку халадзіла Лелевы пальцы.

      – Нішто, – весела абяцала Ружана. – У нас адпачняце як след. У нас ведаеце як гасцей прымаюць? А калі бацька яшчэ і дазнаецца, што праклён зняты… Абяцаю раскошны прыём ды належную ўзнагароду.

      Але Йурай, падобна, ніколькі тымі абяцаннямі не ўражаны, толькі зябка павёў плячыма і пахмурна глядзеў у агонь. Лель, вырашыўшы, што чары на заклятым жалезе замінаюць лютністу, паспешліва аднёс меч далей ад вогнішча, уладкаваў ля шурпатага дубовага ствала. Пасля таго Йурай, здаецца, выдыхнуў з палёгкай, але больш гаваркім так і не зрабіўся, і лютня яго таксама маўчала, пабліскваючы залацістым бокам ля Йураевых ног.

      Зрэшты, меркаваў пра сябе Лель, чары, напэўна, вымагаюць шмат сіл. Ды і ўсім ім варта было адпачыць.

      Поўня кацілася па нябёсах, быццам клубок нітак, патрэскваў агонь, уздыхала над іхнімі галовамі дубовае голле. А за дубамі мірна каціла хвалі возера, і – Лель цвёрда ведаў гэта, хай і не мог пачуць – камяні на ім ціха перагаворваліся.

      Ружана спачатку радасна дзялілася мясцовымі байкамі пра прыазёрныя дубровы і дзівы, якія ў