Маргарыта Латышкевіч

Вершнікі на дарозе


Скачать книгу

рвануў яшчэ раз, з апошніх сіл, упершыся адной нагою ў белы камень. І, вохнуўшы, пакаціўся па зямлі: меч вырваўся з каменю нечакана лёгка, вызваліўся і ўпаў у траву побач з Лелем. А востраў цяжка ўздыхнуў, як уздыхаюць людзі, калі сняць цяжкія сны. Лель, ніцма лежачы на зямлі, пачуў, як каменная глыбіня заварочалася і раптоўна азвалася глухімі мернымі ўдарамі, быццам забілася сэрца.

      Але спеў Голаду нікуды не знік, толькі ўзмацніўся, раз’юрыўся, аблёг шчыльней. І Лель чуў, быццам на ўласныя вушы, як храбусцяць на страшэнных іклах косткі загнанай казулі, і звадлівы смак крыві стаяў у ягоным роце, круцячы голаў. Звер у ім рваўся вонкі, адгукаючыся на спеў усёабдымнага, вечнага Голаду, які панаваў тут.

      Лель, хапаючы ротам паветра, ледзьве падняўся на ногі. Няўпэўнена і разгублена зірнуў на зазубраны клінок ля сваіх ног. Падняў вочы, шукаючы за колам белых камянёў, за чароўнымі агнямі Йурая, шукаючы ягонай парады, накірунку – і тут ад скальнай сцежкі ўстрывожана падала голас Ружана:

      – Зверху! Пачва…

      Не дагаварыла: слова абарвалася на яе вуснах і згасла. Затое над Лелевай галавою злосна засвісцелі яе стрэлы. А тады скалануўся ўвесь востраў ад цяжкага тупату, і на грэбені скалы вырасла ўпрост з ніадкуль, разрываючы дрогкае кола агнёў, касматае нешта, якое засланіла сабою поўню. Блытаючыся ў шматлікіх бледных лапах, падобных да павучыных, паўзло яно па амаль гладкай скале, прыпадаючы брухам і пакідаючы за сабою склізкі смуродны след. А ў чорнай поўсці – застылы Лель глядзеў акругленымі вачыма і не мог адарваць пагляд – зеўрала шырачэзная пашча, поўная вострых іклаў, і чорная бездань клекатала ў горле пачвары. Вачэй над пашчаю не было, але позірк быў, позірк драпежніка, позірк Звера.

      Лютня рэзка ўскрыкнула ў Йураевых руках – і час замёр, і замерлі, успыхнуўшы асляпляльна, чароўныя агні. Лель, як бы збоку, бачыў самога сябе, застылага ў каменным коле. Бачыў засяроджанага Йурая, ад якога пляліся, паступова наліваючыся цяжкім срэбрам, звонкія ніці. Бачыў, бліжэй за ўсіх да крыважэрнай пашчы, Ружану – і стралу, што зрывалася і ніяк не магла вызваліцца з цецівы, і стрэлы, што яшчэ ляцелі, а пакуль бездапаможна павіслі ў паветры. Позірк без вачэй, галодны і прагны, утаропіўся ў лучніцу, і бледныя павучыныя лапы падбіраліся, рыхтуючыся да скачка.

      Гэта было – як тады, на начным беразе лясной ракі. Каменнае кола, драпежнік – і чалавечае жыццё, якое ад звера трэба любымі спосабамі абараніць, выратаваць, засланіць сабою. Бо іначай – нельга.

      Бо сярэбраная ніць, што пранізвае і вядзе, указуе адзіны правільны шлях.

      І душная гарачыня паднялася знутры, распіраючы рэбры, і звер, заключаны ў чалавечым целе, падняў галаву і зароў. І Лель, паддаўшыся звярынаму поклічу, які зараз перамяшаўся, пераблытаўся з хвалямі радаснай гарачыні, рвануўся наперад, вырастаючы, вызваляючыся.

      Аброс густою чорнаю поўсцю, ацяжэў, увесь наліты тугою мядзведжаю сілай. Вырас і падняўся ледзь не пад самую поўню, роўны ростам са стаячымі камянямі. Запаволены час са стогнам рушыў