аднак, вы нелюдзі, – заўважыла Ружана стрымана. І дадала напаўголасу, пакасіўшыся на Леля: – Той хоць гожы, а гэты і ўвогуле быццам бы чалавек.
– А ён – чалавек, – сказаў Йурай вельмі сур’ёзна. – Быццам бы.
– Ну?.. – шчыра здзівілася Ружана.
Лель няўпэўнена пакруціў галавою, адчуваючы, як сонна варочаецца ў жылах звярыная сіла. Нечаму цёмнаму і касматаму было цесна ў ім, і косткі ламіла, быццам звер, заключаны ў Лелева цела, як у клетку, рваўся вонкі.
– Чалавек, – прагаварыў Лель упарта, нібыта сам сябе пераконваючы.
А змрок гусцеў, затапляючы навакольныя ўзгоркі і векавыя дубровы, ажно пакуль не выкацілася, рассыпаючы сярэбранае святло, бледная поўня.
І тады над возерам, па якім паплыла, гушкаючыся на хвалях, дарожка месяцовага святла, пранёсся крык, не звярыны і не чалавечы. Роспачны, вісклівы голас далёка раскатваўся над дубравамі, цяжэў, пераходзячы ледзь не ў хрып, і абрываўся. І ад гэтага вусцішнага, нечуванага зыку ажно кроў застывала ў жылах.
– Што гэта?.. – шэптам спытала Ружана, зірнуўшы на лютніста. Той толькі прыклаў палец да вуснаў – маўляў, сцішся.
А пагорак скалануўся – раз, другі, – як бы адгукаючыся на цяжкія крокі. Зялёны агонь задрыжаў і баязліва ачэз, прыпадаючы да зямлі. Йурай, бліскаючы вачыма, уважліва прыглядаўся да цемры ўнізе, засяроджаны, напяты. Ружана перарывіста выдыхнула і бязгучна сцягнула лук з-за плеч, паспрабавала пальцам цеціву, папляскала па калчане. Падміргнула зніякавеламу Лелю, які трывожна прыслухоўваўся да даўкай цішыні.
Далей ад возера чуваць было слабы, як бы прыдушаны цемраю крык казулі, і імклівы рагаты цень, кульгаючы, прамільгнуў унізе, на фоне светлай вады. Прамільгнуў – і знік дзесь убаку. І амаль адразу па азёрнай кромцы імкліва пранеслася нешта яшчэ, нешта вялізнае, падобнае да цёмнага стога, і зноў прагучаў такі самы крык, толькі куды як грамчэй. Ружана паморшчылася, прыкрываючы далонямі вушы, Йурай коратка кіўнуў Лелю над вогнішчам.
– Час, – прамовіў лютніст аднымі вуснамі.
Чароўны агонь тут жа цалкам сышоў у зямлю, быццам і не было яго тут. А Йурай пругка падхапіўся і пакрочыў уніз, у цемру, і Ружана з Лелем, пераглянуўшыся, рушылі следам, блытаючыся ў высокай траве. Спускаючыся па схіле, яны абачліва ўзялі трохі ўбок, каб абысці тое месца, дзе толькі што страшнае нешта заходзілася немым крыкам. Льсняныя драпежныя цені падымалі галовы, сычэлі па-змяінаму, заступалі шлях. І пелі – цяпер Лель нават мог разабраць гэты варожы спеў, поўны Голаду, падобнага да таго, што варушыўся і ў яго самога ўнутры.
Ружана, затрымаўшыся, злажылася і наўдачу стрэліла ў віраванне ценяў. Страла мільганула, прайшла наскрозь, не прыносячы ім асаблівай шкоды, і ўдарыла, выбіўшы трэскі, у дрэва. А тое разгневана загуло, быццам было выкавана з металу, і цені, большыя і меншыя, рвануліся скрозь зараснікі і травы, сюды, накінуліся, збілі Ружану з ног. Але тут жа ўспуджана адкаціліся: Йурай, азірнуўшыся, рэзка шпульнуў у драпежнікаў прыгаршчаю чароўных агеньчыкаў. Тыя паплылі, ціхутка пазвоньваючы