Мікола Адам

Вольны птах. Раман


Скачать книгу

я ў трубку, але, па-мойму, выйшла так, быццам злодзей вырашыў адказаць на тэлефанаванне, што знянацку перашкодзіла яго прафесійнай дзейнасці ў якой-небудзь заможнай кватэры.

      – Я ведала, што гэта будзеш ты, – агаломшыў мяне Насцін голас. Тое, што яна пазнала мой голас, не здзівіла. Ён пазнавальны адразу, хоць менавіта з-за яго я не паступіў вучыцца на актора. Таксама парадокс, пазнавальны голас, які, аднак не падыходзіў пад стандарты акторскіх галасоў у прыёмнай камісіі Акадэміі мастацтваў. Безэмацыйны, безжыццёвы, манатонны, мёртвы. Гэтымі чатырма словамі забілі маю мару стаць акторам на ўступных іспытах у тэатральную вну. Ім там, вядома, лепш бачна ці чутна збоку, не біцца ж было з імі. Таму я паступіў вучыцца на паэта, як Шукшын. З тым адрозненнем, што той прыехаў якраз мэтанакіравана з Алтая ў Маскву вучыцца на паэта, але паступіў у выніку на рэжысёра. – Не спіш? – як нічога ніякага запытала дзяўчына.

      – Так, – пацвердзіў я. – А ты?

      Што за бязглуздае пытанне? Відаць, з-за разгубленасці, і нечаканасці, і неверагоднасці…

      – Як бачыш, – адказала Насця. – Ці, лепш, як чуеш, – удакладніла.

      – Нешта здарылася? – задаваў я дурацкія пытанні.

      – Не, – адгукалася дзяўчына, – проста раптам захацелася пачуць твой голас, пачуць цябе, – прызналася. – Мо засну пасля. Скажы што-небудзь харошае, – папрасіла.

      Голас яе быў ці здаваўся стомленым. Быццам яна адпрацавала дзве змены запар на цагельні ў гарачым цэху.

      – З табой дакладна ўсё добра? – непакоіўся я.

      – Цяпер добра, – з выдыхам адказала Насця. – Калі ты побач хаця б голасам. Абдымі мяне ім.

      І я пачаў чытаць ёй верш, толькі што запісаны ў бальнічны журнал:

      Вечар,

      Не забудзь пра плечы,

      Што я параўнаў з шаўковай гладдзю белізны.

      Плечы,

      Масянжовы вечар,

      Маёй мілай пані добрай ласкай атулі.

      Ветрам,

      Стомленым паэтам,

      Зазірне ў вокны па табе мой неспакой.

      Стомленым паэтам

      Ветла

      Вецер узгадае ў вокнах голас мой.

      Шпажнаю

      Хадой адважнай

      Дождж прадэкламуе вершамі радкі.

      Быццам

      Бы апалым лісцем

      Яны дакрануцца да тваёй шчакі.

      Проста

      Зразумеў я штосьці

      У квадраце тыдняў, у акружнасці начы…

      Восень.

      У гадзінаў восем

      Раніцы халоднай ты мяне прысні.

      Пасля непрацяглай паўзы Насця прамовіла:

      – Прыгожа. Праўда, плячэй маіх ты не бачыў яшчэ, хоць параўнанне слушнае.

      – Я верш гэты напісаў перад самым тваім званком, – паспяшаўся пахваліцца.

      – Малайчына, – адгукнулася Насця. – Калі пабачыш сапраўды мае плечы, напішаш штосьці больш праўдзівае.

      – Табе не спадабалася? – ніякавеў я.

      – Не,