Мікола Адам

Вольны птах. Раман


Скачать книгу

А фантазія ў мяне працавала будзь здароў. За траіх запар. Усё жыццё маё – адна бясконцая фантазія. Мо я ўвогуле знаходзіўся пад прэпаратамі ў псіхушцы, скораны шызафрэніяй, і ўсё, што я лічыў сваім жыццём, – жыло выключна ў маёй галаве, асабліва Насця. Бо не магла яна ў сапраўднасці быць такой, якой была. Зрэшты, якой? Што я ведаў пра яе? Вось менавіта – нічога! Узялася невядома адкуль, прыходзіла і знікала заўсёды ў розных варыяцыях самой сябе ці, усё ж, не прыходзіла? Ці, усё ж, я яе выдумаў? А кніга? «Альтыст Данілаў», падораны ёй, які не чытаўся, бо замест тэксту на старонках я бачыў Насцін усмешлівы твар? Зрэшты, я мог купіць кнігу сам. Трэба спусціцца ўніз і непасрэдна звярнуцца да беларускамоўнага якудзы. Ён павінен яе памятаць, зразумела, калі яна сапраўды купляла ў яго кнігу. Я не сумняваўся, што якудза не забыў Насцю. Такіх, як яна, не забываюць нават аднойчы пабачыўшы. Зразумела, у тым выпадку, калі яна існавала насамрэч.

      Узяў куртку (выцягнуў з-пад матраца), з-пад падушкі выцягнуў кепку, пакінутую Янкам Лайковым, на ўсялякі выпадак прыхапіў і яе. Сказаў суседу па палаце – вахцёру з Купалаўскага тэатра, – што пайду праветруся (таксама на ўсялякі выпадак). Спусціўся ўніз, падышоў да кніжнага латка. Якудза быў на месцы.

      – Паслухайце, – адразу звярнуўся да яго, працягваючы «Альтыста Данілава» як уліку, – вы памятаеце, хто купіў у вас гэтую кнігу?

      – З ёю нешта не так? – занепакоена запытаў той, але не спяшаўся браць кнігу з маіх рук.

      – Ды не, усё з кнігай так, – супакоіў я яго.

      – Тады што, не разумею? – ветліва ўсміхаўся якудза.

      – Вы памятаеце, хто яе купляў? – настойліва запытаў я.

      – Вядома, – адказаў якудза.

      – І хто? – нецярпліва перамінаўся я з нагі на нагу, нібы хацеў да ветру.

      – Вы, – агаломшыў мяне адказам.

      – У сэнсе я? – разгубіўся я і паплыў бы плаўлены сырок па патэльні.

      – З вамі, праўда, была дзяўчына, – хутка дадаў ён. – Вы былі ўдвох з ёю. Яна купіла кнігу для вас, – працягваў якудза. – Вельмі прыгожая дзяўчына. Праўда, дзіўная. Поўная таямніц і загадак.

      – Я дакладна быў не адзін, а з ёю? – ухапіўся за словы якудзы я, бы за саломінку тапелец.

      – Так, – пацвердзіў якудза.

      – Дзякую вам бязмежна, вы толькі што вярнулі чалавека да жыцця! – ледзь не палез я да якудзы з абдымкамі.

      – Звяртайцеся, – ветліва ўсміхнуўся ён мне. – Заўжды рады дапамагчы.

      Я выбег пад дождж, бы агонь, які патрабавалася пагасіць, ахоплены ўнутраным пажарам. Усё ж не звар’яцеў і ляжу не ў вар’ятні. А гэта значыць, што Насця сапраўды тэлефанавала ўначы і мы размаўлялі з ёй. Гэта значыць, што Насця – рэальны чалавек, а не вобраз, прыдуманы мной пад уздзеяннем атрыманай траўмы.

      Кроплі дажджу намагаліся, рыхтык кулі, патрапіць у мой твар, які сядзеў, нібы ў доце, пад кепкай, чый брыль надзейна абараняў ад знешняга ўмяшальніцтва. Дождж злаваў, што не выходзіла па ягонаму, але ўзмацніць сябе,