паказаў журналісцкае пасведчанне, і мяне ў замак прапусцілі бясплатна.
Памеры і моц замка пераўзышлі ўсе мае чаканні. Гэта была цытадэль у поўным сэнсе гэтага слова. Тут рыцары елі, там спалі, у гэтым крыле спраўлялі патрэбу. Усё ў замку было прадумана да дробязяў. Я нават пасядзеў у крэсле вялікага магістра ордэна Ульрыка фон Юнгінгена.
«І як толькі палякі перамаглі іх у бітве пад Грунвальдам! – здзіўляўся я, седзячы ў крэсле. – А ўсё таму, што кароль польскі Ягайла аб’яднаўся з вялікім князем літоўскім Вітаўтам, узяўшы ў паплечнікі татарскую конніцу Джалаладдзіна і тры палкі смалянаў. На жаль, больш нам адзіным фронтам выступаць не даводзілася».
Я злез з крэсла і пайшоў да Болека.
– Пра што-небудзь даведаўся? – спытаўся я.
Болек адмоўна пахітаў галавой.
– Ну і добра, – сказаў я. – Будзем спадзявацца на цуд.
І гэты цуд здарыўся.
Мы прыехалі ў Варшаву і выйшлі на прывакзальную плошчу. Яна спрэс была засыпаная бітым шклом, зламанымі дубінкамі, жалезнай арматураю і падранымі анучамі. І на ўсёй гэтай вялізнай плошчы, якая патанала ў кучах смецця, стаяла толькі адна машына. Гэта быў «сааб» Болека. На ім не было ні драпіны.
– Матка Боска! – зноў закрычаў Болек. – Ніякага Рускага дома! Паехалі да мяне!
Мы прыехалі да Болека і прасядзелі ў яго да раніцы. На гэтым урачыстым сходзе мы не толькі ўзнеслі асану Госпаду, але і абвясцілі братэрства каталікоў і праваслаўных. Болек некалькі разоў прамовіў слова «схізматыкі», але я гэтага не заўважыў.
– А геі няхай ідуць у… – крычаў Болек, уздымаючы келіх.
– Яны туды і пайшлі, – супакойваў я яго. – «Яшчэ раз, яшчэ раз, нех жые-жые нам!»
Гурыі ў Галіцыне
Мне пазваніў пісьменнік Аляксей Пролін і запрасіў да сябе на дзень нараджэння.
– Галіцына ведаеш? – спытаў ён.
– Канечне, – сказаў я. – На беларускай дарозе.
Праз Галіцына я шмат разоў праязджаў на цягніку Масква – Мінск, аднак бываць у ім мне яшчэ не даводзілася. Зрэшты, у Падмаскоўі нямала пасёлкаў, у якіх я не бываў. Як кажуць, якія нашыя гады, яшчэ сямідзесяці няма.
– Прыязджай, – сказаў Пролін. – Кумпанія тая ж, што і ў ЦДЛ. Наконт пітва таксама ўсё ведаеш. Карацей, чакаю ў пятнаццаць нуль-нуль, ужо хутка цямнее.
– Добра, – сказаў я.
З Проліным я пазнаёміўся ў Цэнтральным доме літаратараў. Потым у нас у адным і тым жа выдавецтве выйшлі кнігі, і мы міжволі зблізіліся. Ён аказаўся не толькі добрым пісьменнікам, але і дасціпным субяседнікам. Глухаваты, праўда, але для чалавека, якому ўжо пад восемдзесят, гэта нармальна.
«Вазьму бутэльку рыжскага бальзаму, – вырашыў я, – слоік леташніх марынаваных апенек, падпішу кнігу, якая нядаўна выйшла, – і вось ён, тыповы маскоўскі госць. Добра, кветкі купляць не трэба, не юбілей. Ды і мужчынам яны не пасуюць».
«Гледзячы, якім мужчынам, – сказала маё другое “я”. – Некаторым кветкі падабаюцца».
«Гэта ў каго бабы, – запярэчыў я. – А ў Аляксея яе, здаецца, няма. Вунь як вакол Кацярыны ўвіхаецца».
Кацярына была галоўным рэдактарам выдавецтва, у якім