б з Зойкаю, не прападаў бы ў заснежаных палях. Бацька Зойкі ваенкам, даўно вызваліў бы зяцька з палону. А вось не хочацца. Між іншым, дзесяцікласніцы ў Крайску нічога сабе. Адна Тома, дачка Станкевіча, чаго вартая.
Яму раптам зрабілася зябка.
– Кажуць, вас дырэктар абходжвае? – зноў павярнула да яго галаву Пятроўна. – Дахаты да сябе яшчэ не запрашаў?
Цёмна-шэрыя ў крапінку вочы смяяліся. Усе старыя дзеўкі чытаюць чужыя думкі ці толькі гэтая?
– Ды ў вас на лбе ўсё напісана, – хмыкнула Пятроўна. – Вы лепш да Ніны Шкель прыгледзьцеся. Сімпатычная.
Цяпер Аляксею зрабілася горача. Ніна сапраўды яму падабалася. Што, і пра гэта на лбе напісана?
– Анягож! – чмыхнула бібліятэкарка.
«Ведзьма!» – пакруціў ён галавой.
– Я яшчэ і сурочыць магу, – сказала Пятроўна. – Вашае шчасце, што мы ўжо ў Плешчаніцы прыехалі.
Яна пацягнула цяжкі ванзэлак па праходзе.
«Ну і не буду табе дапамагаць, – падумаў Аляксей. – Цяпер зразумела, чаму некаторыя ў векавухах заседжваюцца».
Нягледзячы на познюю гадзіну, на аўтастанцыі было поўна людзей.
– Аўтобусы не ходзяць, – сказаў мужчына ў кажусе. – Дарогі замяло ва ўсе бакі. Як бы начаваць тут не давялося.
Аляксей азірнуўся па баках. Начаваць у гэтай паўцёмнай халоднай зале яму не хацелася.
– Тут недалёка гасцініца, – падміргнуў яму мужчына. – Гайда, пакуль усе месцы не занялі.
– І я з вамі! – кінулася за імі Пятроўна. – Мне таксама няма куды дзявацца!
Аляксей неахвотна ўзяў з яе рук ванзэлак.
– У госці да сяброўкі сабралася, – вінавата сказала Галіна, – усяго адзін слоік з варэннем паклала, і ўсё роўна сумку не падняць.
Упершыню яе тон Аляксею спадабаўся. Можа, калі захоча.
– А што ў камплекце да варэння? – строга паглядзеў на бібліятэкарку мужчына.
– Піражкоў напякла, сала кавалачак…
Пятроўна каялася, і гэта неяк мірыла з ёй. Яна яшчэ і ўзяла Аляксея пад руку і прыхінулася, быццам бы шукаючы паратунку. Нягледзячы на бахілы, яна была лёгкая на нагу. Ён адчуў мяккі дотык клуба, і кроў кінулася ў галаву. Якраз як з Зойкаю…
Кудаса ледзь не збівала з ног. Снег так хвастаў па твары, што было балюча вачам. Аляксей адварочваўся ад ветру і зайздросціў Пятроўне ў яе хусціне.
Гасцініца, на шчасце, была побач са станцыяй. Моцна тупаючы нагамі, яны ўваліліся ва ўтульнае цяпло, залітае яркім святлом.
– З аўтобуса? – з усмешкаю сустрэла іх пажылая дзяжурная. – Якраз адзін пакой застаўся. І дзяўчыне месца знойдзецца.
Аказваецца, для шчасця не так шмат трэба. Ложак з чыстай бялізнаю, гарачая батарэя, а за акном завея.
– Шкада, крама зачыненая, – сказаў сусед.
Ён працаваў аграномам у Завішыне, зваўся Канстанцінам.
– Навошта нам крама? – спытаў Аляксей, складваючы пакрывала.
Яму хацелася як мага хутчэй залезці ў ложак і накрыцца коўдраю з галавой.
– Схадзі да сваёй кралі, – сказаў аграном. – Па-мойму, у яе ёсць.
– Што ёсць? –