мы даехалі да Галіцына за дваццаць хвілін.
«Раней за ўсіх прыеду», – падумаў я.
Вадзіцель таксі ехаў строга па навігатары. Мне летась на дзень нараджэння таксама падарылі навігатар, але я дасюль не сабраўся яго паставіць. Без навігатара ўсё-ткі лягчэй было адбрэхвацца ад дамачадцаў.
– Адвязі мяне ў сядзібу Кускова, – патрабавала жонка.
– А я не ведаю, як туды ехаць, – лёгка адказваў я.
– Ты ж трыццаць гадоў за рулём, – не разумела яна.
– А як ехаць у Кускова – не ведаю, – уздыхаў я. – Гэта ўсё ж не мая вотчына, юсупаўская.
З навігатарам такі нумар не прайшоў бы.
– Які вуліца? – спытаў вадзіцель. Ён быў, канечне, гастарбайтар.
– Барадзінаўская, – сказаў я.
– Даўно ваджу машыну, але горад яшчэ не вывучыў, – прамармытаў ён, напружана ўглядваючыся ў навігатар.
Я паціснуў плячыма. Усе мы даўно водзім. І ўсе яшчэ не ўсё вывучылі.
Мы паўзлі па нейкай ухабістай вулачцы, але гэта мяне амаль не непакоіла. Навігатар ведае, па якіх вулачках нам поўзаць.
– Тут, – сказаў вадзіцель. – Бачыш, напісана?
Вулачка ўпіралася ў глухія жалезныя вароты, на якіх вісела шыльда: «Барадзінская, д. 11».
Мне быў патрэбны дом дзесяць «А», але я адчыніў дзверы машыны і выйшаў. Раз ёсць дом адзінаццаць, значыць, дзесьці побач і дом дзесяць «А».
Таксі развярнулася і паволі паехала па вулачцы назад. Я азірнуўся па баках. На паўнацэнную вуліцу гэтая выбоістая вулачка не цягнула. Уся спрэс яна была ў глухіх жалезных парканах, з-за якіх бачыліся чарапічныя дахі змрочных цагляных асабнякоў.
«Няўжо ён такі багаты? – падумаў я пра Проліна. – Па ім не скажаш».
Каля аднаго з парканаў стаяў джып, у салоне якога сядзелі мужчына і дзяўчынка гадоў каля пяці. Пакуль я ішоў да джыпа, мужчына з дзяўчынкаю выбраліся з яго.
– Дзе тут дом дзесяць «А»? – спытаў я.
Мужчына паціснуў плячыма і накіраваўся, прыспешваючы хаду, да весніц у паркане. Ён і дзяўчынка так сінхронна азіраліся на мяне, што я зразумеў: гэта бацька з дачкой.
Я спыніўся, яшчэ раз паглядзеў направа-налева і таксама паціснуў плячыма.
– Давядзецца званіць Проліну, – услых сказаў я.
Аляксей адказаў пасля трэцяга гудка.
– Ты дзе? – спытаў ён.
– Стаю на Барадзінскай вуліцы каля дома нумар адзінаццаць, – адрапартаваў я.
– На Барадзінскай такога дома няма, – памаўчаўшы, сказаў Пролін.
– Ды вось напісана на варотах: Ба-ра-дзін-ска-я, – па складах прачытаў я.
Пролін зноў памаўчаў.
– Ты куды і на чым прыехаў? – нарэшце спытаў ён.
– У Галіцына на таксі.
Я вырашыў быць карэктным да апошняга.
– Барадзінская вуліца даўжынёю дзвесце метраў! – закрычаў Пролін. – І цябе на ёй няма! Я выйшаў на Барадзінскую і гляджу ва ўсе бакі – няма цябе!
– А дзе я? – спытаў я, з усяе моцы стараючыся валодаць сабою.
– Не ведаю! – крыкнуў Пролін і адключыў тэлефон.
Я