ўсё было падрыхтавана. На стале стаяла бутэлька «Варны», на сурвэтцы горкаю ляжалі піражкі, у талерцы наскрыленае сала.
– Нож у дзяжурнай ёсць, а штопара няма, – сказала, паказваючы на бутэльку, Пятроўна. – Давядзецца закусваць без выпіўкі.
– Ніколі! – накіраваўся да стала аграном.
Ён узяў бутэльку, паставіў на падлогу, вялікім пальцам правай рукі націснуў на корак і прапіхнуў яго ўсярэдзіну.
– Прапалі дванаццаць капеек, – уздыхнула Пятроўна. – З коркам бутэлькі не прымаюць.
– Я ўмею выбіваць корак даланёю, але так хутчэй, – сумеўся Канстанцін.
«Дзе гэта яна навучылася мужыкамі круціць? – падумаў Аляксей. – Няўжо ў Крайску?»
– Гэтаму не вучацца, – хмыкнула Пятроўна. – Талент патрэбен.
Аляксей крактануў. Так і будуць па чарзе з аграномам чырванець.
– І правільна, – кіўнула Пятроўна. – Ад мяне трэба трымацца падалей.
– Ну, за гаспадыню! – падняў шклянку Канстанцін. – Я яшчэ на станцыі зразумеў, што з гэтай парачкай не прападзеш.
«Якая парачка? – глытнуў са шклянкі Аляксей. – Я наогул упершыню ў жыцці яе бачу».
Ён сапраўды ўпершыню разгледзеў шэрыя вочы Пятроўны, цяжкую хвалю русых валасоў, поўныя грудзі і гнуткую спіну. Проста Мар’я-царэўна, а не бібліятэкарка.
Хмель стукнуў у галаву. Краем вока ён заўважыў круглую каленку ў разрэзе халаціка.
– А вось гэта не пра вас, – захінула халацік Пятроўна. – Спачатку гаварыць навучыцеся.
– Пра што… гаварыць? – праглынуў камяк у горле Аляксей.
– Узяўся за грудзі – гавары што-небудзь! – зарагатаў аграном.
«Дубіна!» – скасавурыўся на яго настаўнік.
– Ну, хоць бы тост скажыце! – пагладзіла яго па спіне Пятроўна.
– Прапаную выпіць за тое, каб скончылася завіруха і мы ўсе маглі ехаць па сваіх справах!
Аляксей чокнуўся спачатку з Пятроўнай, потым з аграномам.
– Кепскі тост, – узяў са стала піражок Канстанцін. – Тут лепей, чым у аўтобусе.
– Гэта вам лепей, – зрабіла глыток Пятроўна, – а маладым трэба ў Мінск. Навошта я купляла такое моцнае віно?
– Віно – самы раз, – зноў разліў па шклянках Канстанцін. – У нашай краме такога няма.
– Зірніце ў акно, – усміхнулася Пятроўна. – Хтосьці наваражыў.
Завея за акном сціхла. З апраметнай цемры зрэдзь выплывалі на святло вялікія сняжынкі і знікалі.
– Пойдзем на неба паглядзім? – прапанавала Пятроўна. – Раптам там зоркі?
– Вы ідзіце, а я спаць, – дапіў віно аграном. – Раніцай на першы аўтобус трэба паспець.
– Пайду адзяваць паліто, – падскочыў Аляксей.
Ён раптам зразумеў, што самае прыемнае – гэта выконваць загады Пятроўны, няхай яны і недарэчныя.
На вуліцы была сапраўдная зімняя казка. Пад платамі ляжалі пухнатыя сумёты, у небе выразна малявалася вецце дрэваў у густых махрах, пад цяжарам наліплага снегу прагіналіся правады паміж слупамі.
– А дзе зоркі? – задрала галаву Пятроўна, спатыкнулася і ўхапілася за