Коллектив авторов

Інструкцыя по спакушэнні замужніх жанчын


Скачать книгу

разгулялася завіруха, аднак Аляксей ад сваіх планаў не адмовіўся. Раз ужо вырашыў вырвацца ў Мінск, ніхто яго не спыніць, нават дырэктар школы Станкевіч.

      А той, нібы мацёры вартавы сабака, ужо да яго падыходзіў, бразгаючы ланцугом.

      – Не забыліся, Аляксей Канстанцінавіч?

      – Пра што?

      – Бацькоў Кабака наведаць. Вы ж яшчэ і да Курачаў не схадзілі?

      Аляксей пачухаў патыліцу. Да бацькоў двоечнікаў Кабака і Курача ён сапраўды не хадзіў. Дакладней, спроба была. Мінулай нядзеляю ён з’ездзіў на ровары ў Першамайскае, якое калісьці называлася Кабыллем.

      – Куды ідзеш?

      – У Кабылле.

      – Навошта?

      – Па кабылу.

      Ужо гадоў дваццаць прайшло, як памянялі найменне, а кожны першакласнік у школе ведае, што Кабак з Кабылля.

      Між іншым, баба Зося, у якой кватараваў Аляксей, лічыла, што дзеўкі з Кабылля не самыя горшыя.

      – Пра іх у нас кажуць: пілоткай стукнеш, не паваліцца – можна браць, – сказала яна. – У мяне там пляменніца жыве.

      Аляксей Канстанцінавіч толькі паціснуў плячыма. Яму падабаўся салдацкі гумар бабы Зосі, але жаніцца ён не збіраўся ні з кабыльскімі, ні з крайскімі дзеўкамі.

      Аляксей прыехаў у вёску – і ўбачыў мужыка, які стаяў пасярод вуліцы. На шыі ў яго вісеў баян. Раз-пораз мужык шырока разводзіў мяхі баяна, але намацаць пры гэтым патрэбныя кнопкі не мог. Баян усхліпваў і замаўкаў.

      – Хто гэта? – спытаў Аляксей цётку, якая вызірнула з-за плота.

      – Кабак.

      – А чаму п’яны?

      – Палучка сёння.

      Аляксей зразумеў, што пагаварыць з бацькам свайго двоечніка яму не ўдасца. Ён развярнуўся і паехаў назад.

      – Кажуць, вы ўчора ў нас былі? – падышоў да яго на наступны дзень Мікола Кабак.

      – Быў.

      – А чаму ў хату не зайшлі?

      – Твой бацька быў п’яны.

      – Ён кожны дзень п’яны, – паціснуў плячыма Мікола. – Маці дома была.

      – Ты таксама сядзеў дома?

      – Я заместа бацькі на трактары ў полі араў.

      Аляксей Канстанцінавіч гмыкнуў. Мікола Кабак, канечне, двоечнік, аднак жа вось арэ. Нягледзячы на трыццаць памылак ва ўчарашняй дыктоўцы, трэба ў чвэрці ставіць тройку. І з восьмага класа выпускаць. Усё роўна яму далей араць, а не ў інстытуце вучыцца.

      Але Станкевіча ўсе гэтыя тонкасці не хвалявалі. Яму важна, каб класны кіраўнік правёў гутарку з бацькамі двоечніка.

      І, тым не менш, Аляксей Канстанцінавіч заместа Кабылля накіраваўся ў Мінск.

      На аўтобусным прыпынку ён убачыў цётку, абвязаную пуховай хусцінаю да самых вачэй, на нагах бахілы. Пры бліжэйшым разглядзе цётка сталася школьнай бібліятэкаркай Галінай Пятроўнай.

      – І вы ў Мінск? – не паверыў сваім вачам настаўнік.

      Галіна Пятроўна ў яго ўяўленні была старой бабаю, якой ужо не было сэнсу кудысьці ездзіць. Ёй было гадоў трыццаць, не меней. Да ўсяго яна была незамужкаю.

      – Бу-бу-бу, – сказала з-пад хусціны Пятроўна.

      – Аўтобус адмянілі? – зноў здзівіўся Аляксей. – Не можа быць. Яго яшчэ ні разу не адмянялі.

      І