які жыве не пад уздзеяннем рацыянальнага погляду на жыццё, кіруецца ў сваіх учынках не розумам, а пачуццямі, праяўляе глыбокія страсці, здольны да фантазій, валодае тонкай інтуіцыяй. Не “прыродны чалавек” з яго лёгка распазнавальнымі ўчынкамі цікавіў рамантыкаў, іх вабілі таямніцы чалавечай душы, “зігзагі” псіхікі, містыцызм і ўнутраны “бунт пачуццяў” асобы.
Такі “бунт пачуццяў” у межах рэалістычнага апісання ўмеў перадаваць у беларускай літаратуры К. Чорны, які падкрэсліваў, што калі чалавек “маўчыць – значыцца, у яго многа важкага ў душы: у яго многа слоў” (апавяданне “Хвоі гавораць”).
Рамантызмам напоўнена творчасць М. Зарэцкага – аднаго з самых папулярных празаікаў у беларускай літаратуры 20-30-х гадоў ХХ ст. Рамантычныя матывы шырока выкарыстоўваліся ў творах Я. Купалы “Курган”, “Бандароўна”, “Раскіданае гняздо”, “Сон на кургане”, “Магіла льва” і інш. Прыёмы рамантызацыі знайшлі праяўленне ў паэме Я. Коласа “Сымон-музыка”, у алегарычных апавяданнях цыкла “Казкі жыцця”, у творах М. Багдановіча “Страцім-лебедзь”, Цёткі “Мора”, З. Бядулі “Салавей”. Раманы, аповесці, апавяданні У. Караткевіча – гэта лірыка-рамантычная проза, створаная на рэальнай гістарычнай глебе. Рамантычныя матывы адчуваюцца ў творах В. Быкава, Я. Брыля, І. Навуменкі. Аповесць А. Карпюка “Данута” пра каханне маладых герояў цалкам пабудавана на святлаценях рамантычнага ўспрымання: там, дзе каханая – там святло, там, дзе яе няма, – апускаецца цемра.
Літаратурная творчасць у новых гістарычных умовах
Старабеларуская літаратура паступова набывала выразныя дэмакратычныя рысы, агульначалавечы змест, насычалася народна-сказавымі, гутарковымі элементамі. Паўставала патрэба ў літаратуры разгалінаванай, якая выявіла б шматграннасць нацыянальнага свету беларусаў, у літаратуры глыбокай, разнажанравай. Але ўмовы для развіцця беларускай літаратуры заставаліся неспрыяльнымі.
Калі мы заглыбімся ў тоўшчу стагоддзяў, прасочым развіццё еўрапейскай культуры і на гэтым фоне разгледзім шляхі станаўлення беларускай літаратуры, дык убачым напачатку захапленне лацінскай мовай, якую ведаў кожны адукаваны еўрапеец. Затым прыйшла чарга народных еўрапейскіх моў, “грубых, неапрацаваных, але жывых (М. Багдановіч), на якіх ствараліся сапраўдныя духоўныя каштоўнасці многіх народаў. Так сталася, што беларусы, застаўшыся ў складзе ВКЛ, захавалі глыбокія, старадаўнія славянскія карані. “Писарь земски (дзяржаўны служачы. – У. Н.) маеть по-руску (па-беларуску. – У. Н.) литерами и словы рускими вси выписы, листы и позвы писати, а не иншимъ езыкомъ и словы” – так патрабаваў Статут ВКЛ 1588 г., паводле прадпісанняў якога дзяржаўны ўклад атрымліваў беларускія нацыянальныя формы. Адбывалася інтэнсіўнае збліжэнне з Заходняй Еўропай. Агульны ўздым еўрапейскай культуры ў эпоху Адраджэння не мог не паўплываць і на рост культуры Беларусі, у развіцці якой прымалі ўдзел гарады, асабліва тыя, што мелі магдэбургскае права. У паасобных школах на Беларусі