Баршчэўскі
Сярод тых аўтараў, што пісалі на польскай мове, але шырока ўжывалі ў сваёй творчасці беларускія народныя песні, прыказкі, прымаўкі, крылатыя выразы, апісвалі сцэнкі з беларускага жыцця, быў Ян Баршчэўскі (1790 ці 1794–1851). Яго называлі “бардам беларускага краю”, бо ён шмат павандраваў па Беларусі, запісаў, падслухаў у народзе мноства песень, займальных гісторый з жыцця беларускага народа, фантастычных апавяданняў, прыпавесцей, прымавак, жартаў і анекдотаў, якімі ён “сыпаў, як з рукава”. У тых творах гаварылася пра мудрасць і мужнасць беларускага народа, кемлівасць і прадпрымальнасць мужыка, яго духоўную перавагу над панам, пра цягавітасць і працавітасць, таленавітасць беларусаў. “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” – такую назву атрымалі чатыры кнігі празаічных твораў Яна Баршчэўскага пра Беларусь і беларусаў. Гэтыя кнігі выйшлі на працягу 1844–1846 гг. Напісаны яны былі па-польску, але ўстаўкі рабіліся на той мове, на якой размаўлялі сяляне, беларусы. У кнігі ўвайшлі апрацаваныя аўтарам беларускія народныя паданні, сцэнкі, маналогі, дыялогі, прытчы, вершаваныя апавяданні, жарты, анекдоты, трапныя выслоўі, афарызмы. Дзяцінства пісьменніка прайшло каля Расонаў, ён рос на ўлонні прыроды разам з сялянскімі дзецьмі таму добра ведаў жыццё простага люду. Вось чаму творы яго былі блізкія і зразумелыя народу. Вучыўся Ян Баршчэўскі ў Полацкай езуіцкай калегіі.
Як фальклорныя дайшлі да нашых дзён вершы Яна Баршчэўскага “Гарэліца”, “Дзеванька”. У Пецярбургу пісьменнік выдаваў часопіс “Незабудка”, дзе друкаваў шмат матэрыялаў з жыцця беларусаў. Пасля разгрому сялянскага паўстання, у час вобыску ў Крошыне ў хаце таленавітага паэта-самавука Паўлюка Багрыма, “беларускага Шаўчэнкі”, быў знойдзены ўрывак аднаго з вершаў Яна Баршчэўскага.
У творах народнага складу ішлі актыўныя пошукі раскрыцця адметнасцей нацыянальнага характару беларусаў. Верш Я. Баршчэўскага “Дзеванька” (“Ах, чым жа твая, дзеванька, галоўка занята”) стаў папулярнай народнай песняй аб каханні, долі-нядолі беднай вясковай дзяўчыны, якая вымушана хаваць свае сапраўдныя глыбокія душэўныя пачуцці пад наўмыснай весялосцю. Песня была вельмі распаўсюджана ў народзе, яе любіла спяваць беларуская шляхта ў час застолляў.
Вершаваная паэма “Рабункі хлопаў” раскрывае стыхійнае бунтарства сялян, даведзеных да адчаю мясцовымі панамі і чужаземнымі заваёўнікамі (дзеянне адбываецца ў маёнтку пад Полацкам у 1812 г.). Карыстаючыся прыходам французскага войска, вяскоўцы заняліся “экспрапрыяцыяй” (“рабункі нарабаванага”) панскай маёмасці, вырашылі ўстанавіць новыя парадкі, але далей намераў не пайшлі, перапіліся, пабіліся і зноўку здаліся на літасць паноў. Ад стыхійнага бунтарства да актыўнага ўдзелу ў рэвалюцыйнай барацьбе – такі шлях яшчэ не хутка пройдзе беларускае сялянства.
Характэрнай асаблівасцю развіцця новай беларускай літаратуры стала тое, што першыя арыгінальныя мастацкія творы на беларускай мове распаўсюджваліся ў асноўным