званая жаночая паэзія – гэта драматычная лірыка чалавечых страт і пакут, болю, трывог, спадзяванняў і расчараванняў, разладу з рэчаіснасцю, лірыка глыбокіх чалавечых адчуванняў, часам гэта лірыка “плачу без слёз”, паэзія спагады, спатолення душы, лірыка пратэсту супраць марнатраўства жыцця, супраць бездухоўнасці існавання. Найчасцей – гэта паэзія даверу, шчырасці, любові, ласкі, душэўнай цеплыні.
На Ваша “ты” сказаць Вам “ты” не смею,
I калі позірк позіркам злаўлю,
Як птушанё, спалохана нямею.
Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.
Святла, што падарылі, не растрачу,
I шчырых слоў ніколі не згублю.
…Нашто журба у цёплых зрэнках Вашых?..
Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.
Так спавядаецца лірычная гераіня паэзіі Ніны Мацяш. У іншым вершы яна шчыра прызнаецца ў незгасальнай любові да Радзімы, да Беларусі:
Кім бы я была,
Чым бы я была
Без твайго крыла,
Мая Радзіма?
Вершы ўражваюць ёмістасцю радка, дакладнасцю псіхалагізму, выверанасцю інтанацый.
Талент Ніла Гілевіча моцны сатырычным пафасам, гумарыстычнымі інтанацыямі, і калі паэт “зачэрпвае” са сваёй душы, што называецца “з дна”, абурэнне з’явай, свой гнеў, узнімаецца да іроніі, сарказму і абрушвае ўсё гэта на носьбітаў зла, нараджаюцца цудоўныя радкі, у якіх сплаўлена лірыка, публіцыстыка, сатыра, гумар. Усё гэта стварае глыбокі падтэкст, абагульненне.
Н. Гілевіч у сваёй творчасці арыентуецца на паэтыку беларускіх народных песень, на эмацыянальнасць і пачуццёвасць твораў (зборнікі “А дзе ж тая крынічанька?”, “Перазовы”, раман у вершах “Родныя дзеці”).
Блізкі да народнай традыцыі ў вершаскладанні паэт Алег Лойка, хоць у яго творчасці звяртае на сябе ўвагу інтэлектуальны пачатак, філасофская заглыбленасць, большы напал моцных пачуццяў, павышаная эмацыянальная энергія слова, драматызм і напружанасць радка:
Палюбіў я светлы свет,
А любіць – балюча…
Гэта радкі высокай пробы сапраўднага паэта філасофскага складу. Такім унутраным свячэннем напоўнены вершы са зборнікаў “Каб не плакалі кані”, “Пачуцці”, “Лінія жыцця”, “Скрыжалі”. Аднак найперш А. Лойка паэт-лірык, які імкнецца адгукацца на найтанчэйшыя зрухі чалавечай душы, спазнаваць сутнасць рэчаў і з’яў, ісці да чалавека праз чалавечае, праз яго заклапочанасць справамі, думкамі, пачуццямі. Звяртаючыся да каханай, якую ён сустрэў у маладыя гады і якая стала для яго спадарожніцай на ўсё жыццё, праз многія гады паэт гаворыць:
Заўсёды трошкі таямніцай
Была ты для мяне і ёсць:
Чагосьці светлага крыніцай,
Перад якім я – толькі госць.
А. Лойка ўмее знайсці ў паэзіі слова жывое, адзінае, трапнае, напоўненае высокім сэнсам. З поспехам паэт выступае ў жанры верлібра, перакладае на беларускую мову з іншых моў народаў свету (нямецкай, французскай). Трапяткое пачуццё паэта