праблемы аўтару лягчэй было вырашыць на матэрыяле вайны. Ды і матэрыял гэты добра знаёмы пісьменніку. Ён усю вайну ваяваў у пяхоце. Імя лейтэнанта В. Быкава было нават выбіта на абеліску над брацкай магілай, маці атрымала на яго пахавальную. А ён выжыў.
Пра падзеі на Беларусі ў першыя дні вайны, калі фронт адкаціўся на ўсход, а ў невялічкую вёсачку Верамейкі неўзабаве павінны прыйсці немцы, пра жыццё і барацьбу пад нямецка-фашысцкай акупацыяй расказвае пісьменнік Іван Чыгрынаў у пенталогіі “Плач перапёлкі”, “Апраўданне крыві”, “Свае і чужынцы”, “Вяртанне да віны”, “Не ўсе мы згінем” (1996).
З сучаснай прозы сапраўдным адкрыццём новага мацерыка чалавечага быцця сталі раманы Вячаслава Адамчыка “Чужая бацькаўшчына” (1978), “Год нулявы” (1983), “I скажа той, хто народзіцца” (1987), “Голас крыві брата твайго” (1990). У сваіх раманах пісьменнік нібыта раскрыў формулу існавання народа Заходняй Беларусі. Бацькаўшчына – гэта бацькоўская зямля, надзел, бацькоўскі кут – хата, жытло, зямля, поле, тое, што ад нараджэння, змалку павінна належаць чалавеку які з гэтай зямліцы корміцца, на якой жыве. А тут бацькаўшчына становіцца чужой, не сваёй, навісае пагроза зусім яе страціць, з-за чаго гераіня ідзе на неверагодны ўчынак, хітрасцю перапісвае спадчыну, а сама адважваецца на смяротны грэх – зводзіць са свету свякроў і залоўку, апаіўшы іх чэмерам. Ноччу ў адрыне яны паміраюць у пакутах, што не застаецца таямніцай для вёскі.
Раманы В. Адамчыка – пра адвечныя сувязі чалавека з роднай зямлёй і яе людзьмі.
“Агульнанацыянальныя адзнакі” (В. Каваленка) даўно зацікавілі В. Адамчыка. Ён з пакалення беларускіх празаікаў, што дало літаратуры такія вядомыя імёны, як Іван Пташнікаў, Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, Алесь Адамовіч, Міхась Стральцоў. Гэтыя аўтары разам з непасрэднымі сваімі папярэднікамі, такімі як Іван Мележ, Іван Шамякін, Янка Брыль, Васіль Быкаў, спрыялі сваёй творчасцю буйному росту беларускай літаратуры.
Новыя жанрава-выяўленчыя мажлівасці “дэманструе” ў інтэлектуальнай прозе Янка Сіпакоў. Творы яго не толькі пра тое, што было (гістарычная тэма), што ёсць (рэалістычна-канкрэтная, бытавая тэма), але найперш пра тое, што можа быць. У апавяданнях нібы мадэліруецца жыццё герояў, распавядаецца пра тое, што можа быць, калі чалавек зробіць той ці іншы крок, ажыццявіць свой учынак. У творах паказваюцца не тыповыя характары ў тыповых абставінах, як таго патрабуе тэорыя рэалістычнага мастацтва, а нешта іншае. Гэта іншае якраз можна сфармуляваць так: пісьменнік раскрывае створаныя логікай мастацкага ўяўлення характары персанажаў і ўчынкі, ім прадыктаваныя, у лагічна верагодных абставінах.
Вось сюжэт такога твора. Муж так любіў жонку, так раўнаваў яе, што, калі прыйшла небяспека і яму трэба было нечакана развітацца з жыццём, ён, раздумаўшыся (“мяне не будзе, а яна застанецца тут, з гэтымі… супернікамі”), вырашыў і яе забраць з сабою на той свет. Выдаў яе фашыстам (падзеі адбываліся ў гады вайны). Лёс распарадзіўся