свету, дасць магчымасць дасягнуць раю на зямлі, зямного раю – таго, аб якім гаворка як раз і ідзе ў Бібліі. Трэба палюбіць грошы ўсёй душой, а калі грошы адкажуць табе ўзаемнасцю, ты палюбіш жыццё. Імкненне ж да жыцця супадае з накірункам руху да раю. Вось па такіх правілах мае сэнс усталёўваць адносіны паміж жанчынай і мужчынам (а не паміж жанчынай і мужчынай, як гэта часта бывае сёння).
Зразумела, што любоў-дзеянне і любоў-адносіны варта распаўсюдзіць на ўсё, чаго жадае душа, што дазволіць задаволіць яе патрэбы.
Тое, што сучасных мужчын больш цікавяць цялесныя ўцехі, а жанчыны жадаюць духоўнага зліцця – добрая прыкмета набліжэння часу «Царства Божага», бо, па логіцы рэчаў, усё павінна быць наадварот. Пры гэтым, спакусы ў вобразе жанчыны не варта пазбягаць, дастаткова палюбіць яе ўсім сэрцам, узжадаць ад душы, што дазволіць паяднаць матэрыю (цела) з духам.
Вось так, прытрымліваючыся сярэдзіннага шляху, не ўпадаючы ў крайнасці, зямля-вада-жанчына-маці і неба-вецер-мужчына-бацька, пераплятаючыся, садзейнічаюць паступоваму пераходу ад дуальнага ўспрыняцця свету да перажывання пачуцця абсалютнага адзінства, набліжаючыся тым самым да Адзінага, да Творцы, Ісціны, Абсалюта.
Крытыкам аб крытыцы
«Не судзі, ды не судзімы будзеш» – словы з Бібліі, скіраваныя тым, хто не ўяўляе свайго жыцця без крытыкі.
«Крытыка карысна, яна служыць навучанню, без маіх суджэнняў наконт іншых людзей немагчыма іх удасканаленне» – скажуць крытыкі, рацыяналізуючы тым самым сваё імкненне судзіць усё і ўсіх.
Ці так гэта? Адкажам на пастаўленае пытанне пазней. Спачатку неабходна вызначыць, адкуль бярэ свае вытокі жаданне большасці людзей асуджаць.
Калі я толькі яшчэ пачынала рабіць свае першыя прафесійныя крокі ў якасці настаўніцы, бывала, паклічуць мяне на адкрыты ўрок, а я сяджу і пільна сачу за настаўнікам, каб не дай Бог не прапусціць якія-небудзь дапушчаныя ім агрэхі. Цяпер надышоў час задумацца, навошта я так рабіла? Каб падштурхнуць таго настаўніка да прафесійнага росту? Шчыра кажучы, не. Калі я каго-небудзь раней крытыкавала, то толькі з адной мэтай – падняць сваю ўласную самаацэнку: паколькі ён (яна) робіць гэта горш за мяне, то я лепшая ў сваёй справе.
Я не выпадкова выкарыстала ў сваёй споведзі слова раней. Зараз я так не раблю, а калі хаджу да каго-небудзь на ўрокі, то толькі з адной мэтай – навучыцца чамусьці новаму, адзначыць для сябе найбольш цікавыя моманты і эфектыўныя метады і прыёмы работы, якія потым выкарыстаю ў сваёй навучальнай практыцы, і, безумоўна, дзеля таго, каб сказаць настаўніку, не пашкадаваўшаму часу і нерваў на падрыхтоўку да адкрытага ўрока, вялікі дзякуй. Думак аб крытыцы больш нават не ўзнікае. Чаму? Таму што самаацэнка падрасла да ўзроўню адэкватнай, і разам з тым знікла патрэба камусьці штосьці даказваць. Існуюць толькі два крытэрыі паспяховасці прайшоўшага ўрока – пачуццё ўнутранай задаволенасці і ззяючыя радасцю вочы дзяцей. Іншых паказальнікаў