ымання дзіцём імя святога ў залежнасці ад дня нараджэння не заўсёды падабалася бацькам. Таму малым часта надавалі другое і нават трэцяе імя, як, напрыклад, у выпадку Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі. І пасля таго, як 6 лютага ў парафіяльным касцёле мястэчка Ялоўка немаўля ахрысцілі Вінцэнтам, 4 красавіка ксёндз Францішак Кажанеўскі ахрысціў яго яшчэ імем Канстанцін.[2] Гэтае апошняе імя Каліноўскі найперш выкарыстоўваў у адносінах са сваякамі і сябрамі. Вінцэнтам жа Канстанцін пазней стаў падпісваць афіцыйныя паперы, і, быццам старажытнарымскі бог Янус, меў два ўвасабленні – адно ў адносінах з дзяржавай, другое – для самых блізкіх людзей. Так ужо з маленства гартавалася асоба таленавітага канспіратара, кіраўніка паўстання ў Беларусі і Літве.
Пакінуты Каліноўскім след быў настолькі глыбокі, што на роднай Свіслаччыне памяць аб ім перарасла ў легенду, якая пераказвалася былымі ўдзельнікамі паўстання з ліку сялян: “З’яўляўся ён у апавяданнях у якасці быццам бы дабрачыннай сілы, якая несла сялянам дапамогу, прамаўляла ім праўду і здзяйсняла справядлівасць”.[3] Называўся ён “Кастусь” (Kastuś), які б так і застаўся фальклорным рэгіянальным героем, каб не час вялікіх зрухаў перыяду Першай сусветнай вайны, калі ў 1916 годзе Вацлаў Ластоўскі ўзгадаў пра “справядлівага”, назваўшы яго “Касцюк”.[4] Затым у 1919 годзе была спроба Івана Цвікевіча надаць яму імя “Констант”.[5] Пакуль, нарэшце, дзякуючы Максіму Гарэцкаму,[6] за ім не замацавалася менавіта “Кастусь”, якое прагучала ў лекцыях, чытаных Усеваладам Ігнатоўскім у 1922/1923 навучальным годзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.[7] Аднак ні манаграфія М. Гарэцкага па гісторыі беларускай літаратуры, ні А. Луцкевіч з яго “Костусем”,[8] ні навукова-папулярныя артыкулы і лекцыі У. Ігнатоўскага не зрабілі найважнейшую справу па замацаванні за Каліноўскім імя Кастусь. У першую чаргу гэта дасягненне Беларускага дзяржаўнага тэатра, які толькі за сезон 1923 года 10 разоў паказаў спектакль “Кастусь Каліноўскі” рэжысёра Еўсцігнея Міровіча.[9] На яго падставе павінен быў выйсці першы беларускі фільм. Але ў тых умовах не знайшлося кампетэнтнага рэжысёра,[10] таму праект быў рэалізаваны толькі ў 1927 годзе рэжысёрам Уладзімірам Гардзіным, дзякуючы якому асоба Каліноўскага стала шырока вядомай і за ёй замацаваўся вобраз змагара, барацьбіта за інтарэсы простага народа. Актуальнасць тэмы ва ўмовах раз’яднанай Беларусі другой паловы 1920-х гадоў прадвызначыла поспех фільма.
Народнае імя Кастусь, з’яўляючыся варыянтам рускага Константин і польскага Konstanty, было простым у вымаўленні і зразумелым, перш за ўсё, беларускаму селяніну. Не дзіва, што польскі гісторык Віктар Кардовіч прыйшоў да наступнай высновы: гэтае імя, “зневажальнае ў шляхецкіх колах, абуджала надзею ў сялянскіх масах” і зрабілася “сімвалам барацьбы за агульнае і нацыянальнае вызваленне беларускага народа”.[11]
У пачатку 1990-х гадоў на хвалі пераасэнсавання беларускай гісторыі ў нацыянальным рэчышчы асабістае імя Каліноўскага з’явілася падставаю для крытыкі. Ужыванае Кастусь было названа “далёкімі вынікамі русіфікатарскай палітыкі царскіх улад на Беларусі”.[12] У якасці імя Каліноўскаму намагаліся прыпісаць толькі Вікенцій,[13] спасылаючыся на яго прашэнні да рэктара падчас навучання ў Пецярбургскім універсітэце. Але гэтыя спробы так і засталіся спробамі, паколькі, па трапнай заўвазе даследчыка жыцця Каліноўскага Генадзя Кісялёва, імя Кастусь ужо замацавалася ў традыцыях беларускага народа.[14]
Спрэчкі наконт імя працягнуліся ў канцы 2000-х гадоў. Толькі ў адрозненне ад пошукаў пачатку 1990-х гадоў, калі вобраз Каліноўскага праз яго імя імкнуліся ўзмацніць да вобразу беларускага нацыянальнага героя, на гэты раз асабістае імя выступіла паказчыкам таго, што ён “быў палякам і выкарыстоўваў менавіта польскую форму напісання”[15] – Вікенцій (Вінцэнт), у той час як Канстанцін, а “дакладней Канстанты”,[16] ён пачаў ужываць толькі падчас паўстання 1863–1864 гадоў. Насамрэч, нягледзячы на тое, што асноўную частку дакументаў на рускай мове Каліноўскі сапраўды падпісваў “Вікенцій” або “В.”, ён таксама распісваўся і “Вікенцій Канстанцін”, як на прашэнні на імя рэктара ад 1 жніўня 1856 года або пад паказаннямі Віленскай асобай следчай камісіі ад 30 студзеня 1864 года.
У афіцыйных дакументах ён, у адпаведнасці з уласнай метрыкай, называўся менавіта “Вікенцій-Канстанцін”, як пры прыёме ва ўніверсітэт 5 кастрычніка 1856 года, або “Вікенцій Канстанцін Сямёнаў сын”, як у дыпломе. У следчых жа дакументах паўстання 1863–1864 гадоў Каліноўскі ў пераважнай большасці момантаў названы “Канстанцін”.[17] У іншым выпадку, пры звароце следчых да сяброў Каліноўскага, адзначалася, што ён “не Вікенцій, а Канстанцін”.[18] Пад гэтым імем ён фігуруе ва ўспамінах і гістарычных працах сваіх сучаснікаў А.М. Масолава, В.Ф. Ратча, Я. Гейштара, А. Гілера,