Васіль Герасімчык

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда


Скачать книгу

бацькі, каб прынізіць яго сацыяльнае становішча і паходжанне, імкнучыся ўсяляк адасобіць яго ад шляхты. Менавіта таму Канстанцін называўся не інакш, як “сын ткача з-пад Свіслачы”,[35] што замацавалася ў гістарычных працах сучаснікаў. У міжваенны ж час азначэнне “сын ткача”[36] зрабілася адным з аргументаў на карысць беларускіх каранёў Каліноўскага.

      Нягледзячы на тое, што ў справаздачах аб дзейнасці фабрыкі годам яе заснавання пазначаны 1835,[37] Сымон Каліноўскі ўжо ў 1832 годзе валодаў “палатняным заводам”,[38] на якім працавалі тры чалавекі: 15-гадовы Ігнат Зублевіч з мястэчка Мсцібава Ваўкавыскага павета, браты Адам (12 гадоў) і Іван (13 гадоў) Наміткевічы з калоніі Бароўшчына Беластоцкай вобласці. Дапамагаў Сымону ў наладжванні прадпрыемства і 26-гадовы брат Юрый, які пазней пераехаў у маёнтак Відомль Брэсцкага павета.

      Гэта быў час прамысловага перавароту ў Беларусі – ручная праца паступова выцяснялася машынамі. Першапачаткова механізмы былі хутчэй цікавымі забаўкамі. Дазволіць сабе іх маглі толькі самыя багатыя памешчыкі. Да прыкладу, у 1824 годзе на рацэ Сож з’явіўся першы ў Беларусі параход “Мікалай”, названы ў гонар Мікалая Пятровіча Румянцава, які выдаткаваў на яго 20 тысяч рублёў. Паступова машыны і механізмы набывалі ўсё большае значэнне, дзякучы станоўчым прыкладам кшталту хомскай фабрыкі памешчыка Пуслоўскага ў Кобрынскім павеце, дзе быў уведзены першы ў Беларусі паравы рухавік і працавала амаль пяць соцень прыгонных сялян.

      У той час, калі ў Беларусі актыўна развівалася суконная прамысловасць, якая падтрымлівалася дзяржаўнымі замовамі на карысць арміі,[39] ды адбывалася “цукровая гарачка”,[40] Сымон Каліноўскі звярнуўся да новай, адпаведна, больш рызыкоўнай галіны прамысловасці – адкрыў фабрыку льняных вырабаў. Аднак ён меў прадпрымальніцкую жылку, ператварыўшы фабрыку ў прыбытковую справу.

      Гэтаму садзейнічала і пратэкцыянісцкая палітыка Расійскай Імперыі. Для яе прамысловасці канкурэнцыю складалі прадпрыемствы з Каралеўства Польскага,[41] вялікая колькасць якіх была знішчана падчас паўстання 1830–1831 гг. 13 лістапада 1834 года высокім мытам улады закрылі вываз тавараў з Каралеўства ў Імперыю.[42] Таму многія польскія фабрыканты пачалі пераносіць свае прадпрыемствы ў Беластоцкую вобласць. У такіх абставінах Сымону Каліноўскаму ўдалося набыць станкі для фабрыкі, магчыма, нават па зніжаных коштах, і пры падтрымцы Ігнацыя Бонды ўстанавіць іх у Мастаўлянах.

      Пасля вывучэння ткацкага майстэрства пад кіраўніцтвам астраленцкага фабрыканта Каліноўскі яшчэ два гады ўдасканальваў яго самастойна. І калі Ігнацый Бонда наведаў Мастаўляны ў другі раз, то з задавальненнем адзначыў, што Сымон, “дзякуючы асабліваму свайму старанню і намаганням дасягнуў у ім такой дасканаласці”,[43] што вырабы яго фабрыкі ні ў чым не саступаюць замежным. Аб гэтым 19 лістапада 1840 года Бонда склаў у Астраленцы пасведчанне, замацаваў