фабрыцы вырабляліся абрусы, сурвэткі і бялізна дзевяці гатункаў. Мастаўлянскую бялізну закуплялі гандляры з Віленскай і Мінскай губерняў, а сурвэткі і абрусы сам Сымон прадаваў у крамах Гродзенскай губерні і Беластоцкай вобласці. Кошт набора з аднаго абруса і дванаццаці сурвэтак каштаваў 22 рублі срэбрам, а прыгажосць іх узораў адзначалі нават эксперты.[48]
Каліноўскі выношваў планы адкрыць яшчэ адну фабрыку – каля Вільні, у Каралінцы. Побач, у Замэчку, знаходзілася мануфактурная фабрыка па адбельванні тканін, куды Каліноўскі дасылаў частку матэрыялу на апрацоўку[49] і з уладальнікам якой, былым выкладчыкам Віленскага ўніверсітэта, прафесарам аграноміі Міхалам Фрычынскім[50] ён актыўна супрацоўнічаў.
Прадзіва для будучага сумеснага прадпрыемства намерваліся купляць у Вільні ды іншых бліжэйшых гарадах і мястэчках, дзе яго вырабам займаліся жанчыны-яўрэйкі. Аднак планы ў 1848 годзе перакрэсліла “вясна народаў”, якая ахапіла Еўропу. Гэтая справа цяпер не мела перспектыў на ранейшую прыбытковасць. Замест прадпрымальніцкай дзейнасці Сымон Каліноўскі вымушаны быў усё больш часу аддаваць маёнтку Мастаўляны, арэндным утрымальнікам якога ён з’яўляўся.
Маёнтак Мастаўляны
На 1845 год маёнтак складаўся з карчмы, вадзянога млына, двух фальваркаў і дзвюх вёсак, пры якіх мелася 111 валок і 27 моргаў зямлі (каля 2210 дзесяцін), і налічвалася 172 душы мужчынскага ды столькі ж жаночага полу.[51] Цэнтр гэтых уладанняў размяшчаўся на поўдзень ад вёскі Мастаўляны пасярод палёў і лясоў, побач з ракою Свіслач. Згодна гісторыку Юзафу Марошаку, дадзеная мясцовасць першапачаткова называлася Крулёвы мост – ад пабудаванага побач яшчэ ў XVI стагоддзі шляха паміж вёскаю Волпа і Гарадком на рэчцы Супраслі.[52]
Да гаспадарскай сядзібы Каліноўскіх вяла асобная дарога, па якой таксама праходзіў тракт з Гарадка на Супраслі і Крынак у Ялоўку. На перакрыжаванні прытулілася старая ўніяцкая царква. Каліноўскія наведвалі службу не толькі ў Ялоўскім рымска-каталіцкім касцёле, але і ў Мастаўлянскай грэка-каталіцкай царкве і моцна сябравалі з сям’ёй святара Сымона Крукоўскага.[53] Менавіта ў Мастаўлянах былі ахрышчаны тры сыны Каліноўскія: Стэфан-Юзаф, Норберт і Фелікс-Ян. На хрышчэнні яшчэ дваіх Каліноўскіх – Конрада і Віктара-Атона – Сымон Крукоўскі прысутнічаў у Ялоўскім касцёле. Яго ж сын Канстанцін Крукоўскі разам з жонкай Петранеляй прысутнічалі 4 красавіка на паўторным хрышчэнні Вінцэнта Канстанціна Каліноўскага.[54] Хутчэй за ўсё менавіта ў яго гонар немаўля атрымала імя, якое затым выкарыстоўвалася ў паўсядзённым жыцці.[55]
Канстанцін Каліноўскі быў ахрышчаны ксяндзом Францішкам Каранеўскім у драўляным Ялоўскім парафіяльным касцёле Міхаіла Архангела, пабудаваным у 1747 годзе на сродкі старасты Казіміра Сапегі.[56]
Паабапал дарогі ў маёнтак Мастаўляны размясціўся стары сад, большую частку