Так ці ёсць падстава для спрэчак, калі ўсім вядома, што Канстанцін і Кастусь ва ўмовах Беларусі адно і тое ж. Кастусь – форма больш “прастамоўная”, так бы мовіць, “недакументальная”, але і ўся наша літаратурная мова абапіраецца на народныя гаворкі, як уся культура наша грунтуецца найперш на народных вытоках і традыцыях”.[24]
Глава 1. Мастаўлянскі перыяд
Сям’я Каліноўскіх
Каліноўскія вялі свой радавод ад Амброзія Самойлава, які ў 1679 годзе на тэрыторыі Бельскай зямлі набыў маёнтак Калінава з 5 хутарамі. Сам Амброзій быў мечнікам Візненскай зямлі[25] ў паўночна-заходняй Мазовіі, на мяжы Беларусі і Літвы. Нашчадкі Амброзія атрымалі прозвішча Каліноўскія ад назвы радавога ўладання Калінава, размешчанага недалёка ад горада Браньск, у судзе якога яны вырашалі спрэчкі з суседзямі, пакідаючы пасля сябе адпаведныя запісы ў судовых кнігах.
Паступовы заняпад краю, выкліканы шматлікімі войнамі і пастоямі варожых войскаў, што ператварылі Рэч Паспалітую ў аўстэрыю, сваім цяжарам абрынуўся на мясцовую шляхту. У выніку прадзед Канстанціна Каліноўскага Мацей вымушаны быў у 1769 годзе прадаць радавы маёнтак і зрабіўся беззямельным шляхцічам. Дзеці Мацея рассяліліся па розных месцах, а адзін з сыноў – Стэфан – пасяліўся ў вёсцы Рэпля Ваўкавыскага павета, дзе ў яго з жонкай Тэрэзіяй нарадзіліся дочкі Антаніна, Феліцяна, Катажына і сыны Юрый (Ежы) і Сымон.
Сымон Стэфанавіч Каліноўскі[26] з’явіўся на свет у 1795 годзе.[27] Ён ад прыроды быў кемлівым і мэтанакіраваным чалавекам, марыў пра вялікую сям’ю і ўласны маёнтак. Аднак на гэтым шляху мелася шмат перашкод, асабліва ва ўмовах вызначанага сацыяльнага падзелу грамадства на прывілеяваныя і непрывілеяваныя саслоўі. Як сведчаць крыніцы, ён не вылучаўся цікавасцю да палітыкі, стрымана ставіўся да ўсялякага супраціву ўладам і змог атрымаць толькі хатнюю адукацыю.[28]
Асоба Сымона магла б шмат падказаць у пытаннях выхавання і станаўлення поглядаў Канстанціна Каліноўскага, але мы пакуль нават не ведаем, чым ён займася да таго ўзросту, у якім яго малодшы сын ужо быў пакараны смерцю. Мы не можам меркаваць, чым ён займаўся ў часы вайны 1812 года, як і пацвердзіць тое, што пэўны час Сымон Каліноўскі працаваў чыноўнікам, але быў звольнены па нейкай дробнай падставе.[29] Сам ён якраз сцвярджаў, што на “дзяржаўнай службе не быў”.[30]
Першай сваёй задачай Сымон бачыў даказаць шляхецтва, паколькі, нарадзіўшыся ў Ваўкавыскім павеце, ён у раннім дзяцінстве пераехаў у Гродзенскі, так і не атрымаўшы жаданага пасведчання аб уласным паходжанні. Пацвярджэнне шляхецтва было яму дадзена толькі 4 лістапада 1822 года ад Беластоцкага дваранскага схода.[31]
Далей 18 лістапада 1823 года[32] ён па каханні ажаніўся з Веранікай з Рыбінскіх, якая была маладзейшая за яго на 11 гадоў. Іх шлюб заключыў ксёндз Ялоўскага касцёла Антоні Станітэвіч. На працягу наступных 10 гадоў у Каліноўскіх з’явілася