Васіль Герасімчык

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда


Скачать книгу

Ваўкавыскую дваранскую апеку цалкам перайшла да Сымона Каліноўскага.

      Але яшчэ да таго, як маёнтак стаў уласнасцю Каліноўскіх, на новым месцы іх напаткаў працяг сямейнай трагедыі: “ад шкоды” ва ўзросце сямі месяцаў 5 жніўня 1851 года памёр сын Сымона – Ісідор Тэафіл.[66] Праз год, 15 верасня 1852 года, не пражыўшы і двух месяцаў, памёр Юльян Каліноўскі,[67] у запісе аб смерці названы “дзяўчынай”.[68]

      Смерць дамоклавым мячом навісла над сям’ёй: амаль штогод у Сымона і Ізабэлы працягвалі нараджацца і паміраць дзеці. Наступным стаў іх першы сын Фелікс, які памёр 28 чэрвеня 1853 года ад залатухі, не дажыўшы да пяцігадовага ўзросту.[69] Але ўжо праз паўмесяца, 11 ліпеня, сям’я Каліноўскіх папоўнілася дачкою Лізаветаю, ахрышчанай у Якушоўцы 19 ліпеня.[70] У 1855 годзе памерла, як і ў выпадку Ісідора Тэафіла – “ад шкоды”, – двухмесячная дачка Іосіфа Уршуля.[71] І ў гэтым жа годзе 8 снежня сям’я зноў папоўнілася чарговым дзіцём – даўгачаканым сынам – Міхаілам,[72] народжаным усяго праз 13 месяцаў пасля Іосіфы Уршулі. А 13 снежня была падпісана пастанова сената ад 12 кастрычніка аб зацвярджэнні Каліноўскіх у дваранскім званні.[73]

      У далейшым у сямі’і Сымона і Ізабэлы Каліноўскіх нарадзіліся яшчэ чатыры дачкі: Іагана-Юзэфа (1858),[74] праз 20 месяцаў за ёй Казіміра-Ізабэла (1860),[75] за якой праз 18 месяцаў Сабіна (1861).[76] А за тыдзень да павешання Канстанціна Каліноўскага на Лукішскай плошчы з’явілася на свет яго малодшая сястра Міраслава-Элеанора (1864).[77]

      Якушоўка заставалася ва ўласнасці Каліноўскіх і пасля паўстання 1863–1864 гадоў. Яе гаспадар памёр 3 лютага 1871 года[78] ва ўзросце 78 гадоў, пакінуўшы пасля сябе пяць дачок (Марыя, Юлія, Казіміра, Сабіна, Міраслава) і сына Міхаіла. Жонка Ізабэла перажыла мужа на 16 гадоў.[79] Род Каліноўскіх, які так шмат страціў, працягнулі Марыя (па мужу Плаўская), Казіміра (па мужу Багушэвіч) і адзіны яго мужчынскі нашчадак Міхаіл.

      У Міхаіла Каліноўскага, які ажаніўся з уладальніцай маёнтка Коласава Тэрэзай Булгарынавай, у дзявоцтве Бутрыкевіч, 31 мая 1890 года нарадзіўся сын, названы Канстанцін-Антон.[80] Але 1 красавіка 1891 ён памёр ад запалення мозгу.[81] Несці надалей прозвішча Каліноўскі застаўся толькі Уладзімір-Фелікс, народжаны 28 ліпеня 1892 года.[82] Яго бацька Міхаіл памёр 21 жніўня 1895 года ад сухотаў,[83] маючы ўсяго 40 гадоў. Дзеці сясцёр Марыі і Казіміры мелі ўжо іншыя прозвішчы.

      Сам жа маёнтак у Якушоўцы згарэў незадоўга да Першай сусветнай вайны. Яго падмуркі былі выяўлены ў 1987 годзе ў выніку раскопак пад кіраўніцтвам Міхася Ткачова. Сёння аб часах Каліноўскіх тут нагадвае старая ліпавая алея, згодна легендзе, пасаджаная асабіста Канстанцінам. На месцы ж фальварка ўсталяваны крыж і памятны камень. У пачатку 1990-х быў складзены праект аднаўлення сядзібы Каліноўскіх у якасці музея, аднак да цяперашняга часу праект застаецца нерэалізаваным, хоць прыклад