Васіль Герасімчык

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда


Скачать книгу

як паэма “Марына” або аповесць “Нечаканы госць” Аляксандра Грозы (1807–1875), выдаўца альманаха “Rusałka”. У іх прысутнічае моцны антыпрыгонніцкі пасыл, аб чым сведчылі папулярныя для свайго часу вершы і эпіграмы былога выкладчыка лацінскай мовы Мінскай гімназіі, які страціў зрок, Ігната Легатовіча (1796–1867). Адзін з іх быў прысвечаны памерламу Леану Оштарпу, маршалку Мінскай губерні, які вылучаўся жорсткім стаўленнем да прыгонных сялян:

      “Са смерцю Оштарпа

      Усё інакшым стане:

      Панове кінуць піць,

      Пачнуць есці сяляне”.[109]

      Аднак магістральнай ідэяй сярод моладзі, у тым ліку вучняў Свіслацкай гімназіі, усё ж выступала не думка пра адмену прыгоннага права, а аднаўленне колішняй Рэчы Паспалітай. Канстанцін Каліноўскі наўрад ці ў гэтым плане моцна адрозніваўся ад сваіх сучаснікаў. Але яго з агульнай масы вылучалі ўласны досвед знаёмства з сялянскім жыццём, дасканалае веданне беларускай мовы і паходжанне “сына ткача”, што магло выступаць падставаю для зараджэння тых ідэй, якія пазней знайшлі адлюстраванне ў яго дзейнасці.

      Пасля набыцця Сымонам Каліноўскім маёнтка Якушоўка яго пасталеўшы сын Канстанцін сутыкнуўся і з агіднасцю прыгонніцкай сістэмы, якая заставалася па-за яго дзіцячай увагай у Мастаўлянах. Адмоўнае стаўленне да яе яшчэ больш узмацнілася падчас навучання ў гімназіі, дзякуючы ўплыву брата Віктара, чытанню нелегальнай літаратуры і абмеркаванням на таемных сходах гімназістаў. Аднак нішто не магло паўплываць на свядомасць падлетка так істотна, як трохгадовы перыяд (1852–1855), напрацягу якога ён вымушаны быў дапамагаць у сямейным кіраванні маёнткам.

      Глава 3. Студэнцкія гады

      Віктар Каліноўскі ў Маскве

      Віктар Каліноўскі пасля заканчэння Гродзенскай гімназіі месяц пражыў у Якушоўцы, дзе рыхтаваўся да паступлення ва ўніверсітэт. У гэты час, правучыўшыся пяць гадоў, скончыў Свіслацкую гімназію і Канстанцін, які стаў апорай бацькі ў кіраванні сямейнай гаспадаркай. У адрозненне ад Віктара, які ўжо 22 ліпеня 1852 года падаў прашэнне аб здачы іспытаў у Імператарскі Маскоўскі ўніверсітэт. І гэта нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча, у якім апынулася сям’я Каліноўскіх, у сувязі з чым ужо падчас навучання ў VI класе Свіслацкай гімназіі імя Віктара трапіла ў спіс вучняў, “якія з прычыны поўнай беднасці не могуць уносіць устаноўленай за навучанне платы”.[110] Таму да прашэння на імя рэктара Віктар прыклаў пасведчанне аб беднасці.

      Таксама ў якасці дадатку ён змясціў копію дэкрэта аб “шляхецкай радавітасці фаміліі высакародных Каліноўскіх”, якая была складзена на імя старэйшага роднага брата Віктара – Іосіфа. Але гэтага аказалася недастаткова, паколькі да 1855 года Каліноўскія не былі канчаткова зацверджаны сенатам у дваранстве. Віктар вымушаны быў звяртацца яшчэ за пацвярджэннем аб праве карыстацца перавагамі дваранства да Гродзенскай дваранскай дэпутацкай зборні, ад якой і атрымаў адпаведны дакумент ад 13 жніўня 1852 года.