Васіль Герасімчык

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда


Скачать книгу

не самай лепшай якасці. Нездарма М. Дабралюбаў, які шмат часу праводзіў у адной чытальнай зале з Віктарам Каліноўскім, адзначаў: “Выкарыстанне бібліятэкі вельмі распаўсюдзілася ў апошні час”. Яна зрабілася адным з найпапулярнейшых і найвядомейшых месцаў, модным сярод вучнёўскага юнацтва і малазабяспечаных людзей: “Тысячы людзей прыходзяць сюды і сустракаюць тут рэдкія выгоды, якія напаўняюць іх сэрца пачуццямі ўдзячнасці і павагі да дзейнасці кіраўніцтва бібліятэкі, такога клапатлівага і прадбачлівага”.[142] Напрыклад, у 1856 годзе бібліятэку наведала 27866 чытачоў, у 1857 – 31151, у 1858 – 34275.

      Віктар кожны дзень быў тут з 10 гадзін раніцы да 9 гадзін вечара, а па нядзелях і святочных днях – з 12 да 15 гадзін. Час, які Віктар прысвячаў працы ў бібліятэцы, быў настолькі вялікі, а яго веды матэрыялаў бібліятэкі настолькі значнымі, што нават для блізкіх сяброў ён стаў “супрацоўнікам” і нават “чыноўнікам”. Бібліятэка дазваляла Віктару, які супрацоўнічаў з Віленскай археалагічнай камісіяй, не толькі зарабляць грошы на жыццё, але і была сапраўднай базай для распаўсюджвання рэвалюцыйных ідэй.

      Браты Каліноўскія паспяхова пераадолелі цяжкасці першых месяцаў жыцця ў Пецярбургу, нават без звароту па дапамогу да сям’і, з якой не падтрымлівалі ў гэты час ніякіх сувязяў. Канстанцін пачаў зарабляць грошы, займаючыся рэпетытарствам, Віктар – пошукам дакументаў для Віленскай камісіі, ад якой на 1 снежня 1857 года атрымаў 115 рублёў.[143]

      Перад Віктарам Каліноўскім была пастаўлена задача знайсці ў Пецярбургскай публічнай бібліятэцы матэрыялы, якія датычыліся гісторыі Рэчы Паспалітай і пры гэтым раней не друкаваліся. Аднак паступова ў гэтым плане пачалі ўзнікаць праблемы, паколькі рукапісы для перапісвання, якія прапаноўваў Каліноўскі, у шматлікіх выпадках адмяняліся. 2 верасня 1857 года Віктар скончыў перапісваць “Дыярыуш” каралевіча Якуба Сабескага, аб чым неадкладна паведаміў Адаму Кіркору,[144] і прыступіў да працы па перапісванні твора аб апісанні межаў паміж Каронай Польскай і Вялікім Княствам Літоўскім. У сваёй працы Віктар кіраваўся тым прынцыпам, каб пры перапісванні не магла ўзнікнуць ніводная памылка. Пры гэтым у пошуках першакрыніцы замоўленага яму твора ён вышукваў усе магчымыя рукапісы, аналізуючы іх на прадмет хібаў і недакладнасцей, адрознай арфаграфіі асобных слоў, параўноўваючы рукапісы паміж сабою.

      У сувязі з працай над апошняй замоваю, Каліноўскі звяртаўся да Кіркора з просьбай удакладнення таго, чым варта надалей займацца. Пасрэднікам у гэтых перамовах выступаў бібліятэкар Іваноўскі, які аплачваў паслугі Каліноўскага. У той жа час прыродная сціпласць Віктара не дазваляла яму дакладна акрэсліць кошт уласных паслуг, і ён зазначаў у лісце ад 19 верасня: “Ведаючы гэты род працы і бачачы, як мне яны ўдаюцца, вы можаце самі прызначыць суму”.[145] Аднак жыццёвыя складанасці вымушалі змяняць падыходы. Як вынік: за перапісаны для Віленскага музея старажытнасцей Акт Люблінскай уніі і каталог польскіх рукапісаў Віктар атрымаў