Васіль Герасімчык

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда


Скачать книгу

гісторыі Сярэдніх вякоў і, што даволі дзіўна, па земляробстве ён меў толькі тры.

      Вылучанай універсітэтам дапамогі хапіла ненадоўга, і, каб вырашыць сітуацыю, ужо з’яўляючыся студэнтам 3-га курса, Канстанцін 28 жніўня зноў звярнуўся да рэктара з прашэннем аб прызначэнні стыпендыі: “Пазбаўлены ўсіх сродкаў утрымання, я вымушаны ўвесь вольны час затрачваць на іх набыццё і таму не магу з сапраўднай карысцю займацца навукаю”.[187] Каліноўскі падкрэсліваў, што стыпендыя “даставіць мне магчымасць цалкам аддацца вучоным заняткам і рабіць поспехі на абранай мною ніве”.[188]

      23 кастрычніка яго просьба была разгледжана і вырашана станоўча, і пачынаючы з верасня яму была прызначана стыпендыя на год у памеры 7 рублёў на месяц. І нават пры гэтым 12 снежня Каліноўскі зноў вымушаны быў звяртацца па дапамогу да ўніверсітэта, напісаўшы слова “семъ” на беларускі лад: “Акрамя стыпендыі гэтай не маючы сродкаў, я знаходжуся не ў стане задаволіць самым неад’емным умовам для прыстойнага падтрымання жыцця як адзінай магчымасці заняцца з карысцю абранымі мною навукамі, таму гонар маю пакорліва прасіць Ваша правасхадзіцельства забяспечыць мяне адзіначасовай дапамогай, калі гэта згодна з правіламі ўніверсітэта”.[189]

      У студзені 1859 года ад новага папячыцеля Пецярбургскай навучальнай акругі І.Д. Дзялянава Каліноўскаму было выдаткавана яшчэ 10 рублёў. Цяжкае матэрыяльнае становішча суправаджала Канстанціна праз увесь час яго навучання. У сакавіку 1859 года па яго просьбе ўніверсітэт выплаціў яму адначасова стыпендыю за красавік, май і чэрвень, што складала разам 21 рубель. У ліпені ён зноў паспрабаваў атрымаць дапамогу, але з-за таго, што яшчэ не здаў экзамен, грошай яму не выдалі.

      У дадатак увесь час навучання ва ўніверсітэце Канстанціна Каліноўскага суправаджалі прыступы цяжкай нервовай хваробы, “падобнай падучцы”.[190] Старажытныя грэкі і рымляне называлі яе “боскай хваробаю”. Падучкай, або эпілепсіяй, хварэлі Гай Юлій Цэзар, Напалеон, Байран, Дастаеўскі, Ван Гог. Падставы яе ўзнікнення да сённяшняга часу пакідаюць пытанні, аднак вядома, што яна можа карэнным чынам уплываць на працэсы мыслення чалавека, успрымання ім рэчаіснасці. Чым была выклікана гэтая хвароба ў Каліноўскага? Відавочна, што яна звязана з пецярбургскім перыядам яго жыцця, паколькі ні раней, ні пазней узгадак пра яе ў дачыненні Каліноўскага не маецца? Верагодна, цяжкія пабытовыя ўмовы, праблемы псіхалагічнага характару, звязаныя фактычна з разрывам адносін з сям’ёю і назіранне развіцця сухотаў у брата Віктара рабілі сваю справу.

      Наведванне шматлікіх знаёмых дактароў, звязаных з рэвалюцыйнай арганізацыяй, было беспаспяховым. Нарэшце, Каліноўскаму ўдалося патрапіць на прыём да вядомага пецярбургскага медыка Мікалая Фёдаравіча Здэкаўэра,[191] парады якога пачалі дапамагаць. Аднак выкананне ўсіх іх было немагчымым, паколькі для гэтага патрэбныя былі фінансавыя сродкі. У Каліноўскага працягвалі здарацца прыпадкі, асабліва моцны з іх адбыўся 5 кастрычніка