Васіль Герасімчык

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда


Скачать книгу

з ліку найбольш энергічных і здольных вясковых жыхароў – сялян і дробнай шляхты.[204] Менавіта на недахоп падобнай “Арганізацыі” як адзінай рэчы, якая бракуе “Дэмакратыі” для яе перамогі ў Еўропе, звярталі ўвагу найбольш радыкальныя прадстаўнікі сацыялістычных поглядаў сярэдзіны ХІХ стагоддзя.[205]

      У той час, як шляхецкая моладзь з тэрыторыі Рэчы Паспалітай удзельнічала ў абмеркаваннях аб пошуку шляхоў яе незалежнасці, звязваючы гэта з вырашэннем так званага “польскага пытання”, Канстанцін Каліноўскі ўздымаў на першы план “сялянскае пытанне”, што, у сваю чаргу, разглядалася ім як асноўны спосаб дасягнення незалежнасці радзімы. Каліноўскі злучаў два гэтыя пытанні ў адно, але ў выніку атрымаў падтрымку толькі невялікай суполкі студэнтаў ды афіцэраў, каб урэшце быць абвінавачаным як “на словах крыважэрны дэмагог”,[206] нягледзячы на тое, што ў гэтым сэнсе ён меў папярэднікаў з ліку тых, каго на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай лічылі героямі, якія аддалі жыццё за ўласныя погляды. Гэта Міхаіл Валовіч, Шымон Канарскі і, перш за ўсё, лідар кракаўскага паўстання 1846 года Эдвард Дамбоўскі, які намагаўся па вёсках “тлумачыць сялянам, што рэвалюцыя ім уласнасці жадае і ў іх імя выступае”.[207] Нездарма ўзгадка пра “аграрную рэвалюцыю” як умову “нацыянальнага вызвалення” знайшла адлюстраванне нават у “Маніфесце камуністычнай партыі”.[208]

      Яшчэ адразу пасля прыезду ў Маскву Канстанцін Каліноўскі адкрыў для сябе творы рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў, якія жадалі “каб Польшча была незалежная”.[209] Пацвярджэнне гэтаму ён знаходзіў падчас размоў з рускімі студэнтамі. У выніку гэтых адносін “Расія” для яго адкрывалася адначасова ў двух дыяметральна супрацьлеглых вобразах Масквы і Пецярбурга. З аднаго боку было “маскоўскае панаванне” і магутная Імперыя, з другога – тыя рускія, якія таксама расцэньвалі “царызм” як варожы лад і рыхтавалі выступленне супраць яго. Пры гэтым яны высока ацэньвалі ролю “Польшчы” (Рэчы Паспалітай), за аднаўленне якой выступалі: “І жадаем гэтага больш шчыра за многіх заходніх сяброў яе. Яны хочуць аднавіць Польшчу супраць Расіі, хочуць зрабіць з яе “лагер, а не форум”, як казаў Напалеон Нарбону, і абараніцца яе славянскімі грудзямі ад нас. Мы хочам Польшчу вольную і самабытную для таго, каб не было, нарэшце, ніякай прычыны разладу з Еўропай. Пакліканне Польшчы – гэта мір, а не гэта вайна; яна не памежная варта Еўропы, не плот паміж двума сем’ямі чалавецтва, а пасрэдніца іх. Яна, са славянскай крывёю ў жылах і з еўрапейскай адукацыяй у норавах, прызначана лёсам быць вялікім Camp du drap d’or[210] – гэтай сустрэчы. Яна злучыць сваімі мужнымі рукамі рукі адзінаборцаў, не абліваючы іх зноў сваёю ўласнай крывёю. Ёй не патрэбна больш ахвяраў; яе святыя могілкі павінны абрасіцца не яе крывёю, а нашымі слязамі”.[211]

      Погляды Канстанціна Каліноўскага грунтаваліся на самых радыкальных тэорыях, якія ў гэты час распаўсюджваліся ў Пецярбургу дзякуючы “Полярной звезде”, герцэнаўскаму