Васіль Герасімчык

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда


Скачать книгу

для яго поспехаў пасля вяртання на радзіму і разгортвання дзейнасці Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Канстанцін Каліноўскі не проста з’яўляўся ўдзельнікам салонных сустрэч, ён быў адным з найактыўнейшых выступоўцаў.

      Агульнасць поглядаў на неабходнасць пашырэння сацыяльнай базы будучага паўстання, цікавасць да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, актыўная дзейнасць у арганізацыі Серакоўскага-Дамброўскага ўрэшце прывяла да таго, што аўтарытэт старэйшага брата перайшоў на малодшага, які ўсё актыўней стаў браць на сябе функцыі, якія раней выконваў Віктар і што цяпер не мог рабіць з-за пагаршэння здароўя.

      Такім чынам, Канстанцін Каліноўскі ў час навучання ў Пецярбургу, як і яго землякі, марыў пра аднаўленне Рэчы Паспалітай. Але ў адрозненне ад многіх іншых ён бачыў дасягненне мэты як вынік паўстання на радзіме, якое ўспрымалася як рэвалюцыя, паколькі ставіла мэтай змену сацыяльнага ладу грамадства. Каліноўскі бачыў гэтае паўстанне пажарам, з якога полымя змагання будзе пашырана на суседнія тэрыторыі, і перш за ўсё на Расію.

      Глава 4. 1861: год карэннага пералому

      Пачатак маніфестацыйнага руху

      Нягледзячы на дэклараваную пасля смерці бацькі арыентацыю на нязменнасць усталяванага тым парадку, імператар Аляксандр ІІ вымушаны быў ісці на паслабленне рэжыму і пачаць падрыхтоўку рэформ. Таго патрабавалі паражэнне ў Крымскай вайне, кепская эканамічная сітуацыя ўнутры краіны і ўзмацненне сялянскага руху. З новым імператарам звязвалі вялікія чаканні. І ён іх першапачаткова апраўдваў. Гэта несла карысць і тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Імператар дазволіў вярнуцца з Сібіры ўдзельнікам Лістападаўскага паўстання (1830–1831).

      Прыезд былых паўстанцаў прывёў да зрухаў у настроях грамадства. Тыя падзеі, асобы і пачуцці, з імі звязаныя, якія так доўга былі пад забаронаю, выліліся спачатку ў салонныя і карчмовыя размовы, затым у стварэнне разнастайных суполак, аб’яднаных успамінамі аб мінулым. Цэнзура слабела, часцей сталі з’яўляцца разнастайныя выданні, у тым ліку і на беларускай мове, да прыкладу “Песні набожныя”, што выконваліся ў касцёлах.

      У верасні 1858 года Варшаву наведаў Аляксандр ІІ, якога віталі з вялікім энтузіязмам. Яшчэ большую прыхільнасць выклікаў французскі імператар Напалеон ІІІ, які прыехаў у сталіцу Каралеўства Польскага на сустрэчу з расійскім імператарам для абмеркавання італьянскага пытання. У выніку Расія заняла нейтральную пазіцыю ў французска-аўстрыйскім канфлікце на Апенінскім паўвостраве, ствараючы, такім чынам, спрыяльныя ўмовы для адраджэння італьянскай дзяржавы. Гэты ж крок адначасова вёў да росту чаканняў на станоўчае вырашэнне і “польскага пытання” як сярод вышэйшых колаў грамадства былой Рэчы Паспалітай, так і сярод адукаваных грамадзян, асабліва моладзі, частка якой у якасці добраахвотнікаў улілася ў італьянскі міжнародны легіён на чале з Джузэпэ Гарыбальдзі: “Польская дэмакратыя ўсім сэрцам была заангажавана на баку Італіі і звязвала з ёю найвялікшыя надзеі”.[217]

      Паведамленні