і будуць складаць больш стройнае, упарадкаванае цэлае”.[160] Каліноўскі нават падаў свой праект у рэдакцыю газеты “Слова”,[161] заключыў з імі вуснае пагадненне аб супрацоўніцтве і друкаванні на старонках выдання найбольш цікавых твораў. Нездарма Якуб Гейштар назваў Віктара[162] разам з Э. Жалігоўскім,[163] У. Спасовічам і З. Серакоўскім актыўнымі супрацоўнікамі газеты. Аднак гэтае перыядычнае выданне, не праіснаваўшы і трох месяцаў, пасля 15 нумароў было забаронена ўладамі. У якасці карэктара і літаратурнага супрацоўніка ў гэтай газеце паспеў папрацаваць і сябар Канстанціна Каліноўскага Эмануэль Юндзіл, досвед якога затым спатрэбіўся пры падрыхтоўцы “Мужыцкай праўды”.
Да сваёй даследчыцкай дзейнасці Віктар прыцягваў малодшага брата, аб чым сведчыць яго зварот да дырэктара публічнай бібліятэкі барона М. Корфа ад 6 снежня 1860 года. Гэта было прашэнне аб прадастаўленні магчымасці Канстанціну працягнуць яго справу па даследаванні старажытных рукапісаў пад кіраўніцтвам малодшага бібліятэкара Іваноўскага, паколькі ён сам атрымаў заданне на працу ў Маскоўскім галоўным архіве.[164] Такая просьба, хутчэй за ўсё, была выклікана неабходнасцю пошукаў крыніц для дысертацыі, якую ў гэты час дапісваў Канстанцін Каліноўскі, рыхтуючы яе да абароны.
Удзел братоў Каліноўскіх у тайных арганізацыях
Віктар Каліноўскі з пачатку свайго жыцця ў сталіцы Расійскай Імперыі становіцца адным з лідараў студэнцкіх таварыстваў, якія ў гэты час узнікаюць як грыбы пасля дажджу. У іх бяруць удзел жыхары шматэтнічнай Расійскай Імперыі, у тым ліку і адзін з кіраўнікоў часопіса “Современник” Мікалай Гаўрылавіч Чарнышэўскі (1828–1889), і Мікалай Аляксандравіч Дабралюбаў (1836–1861), які ў 1856 годзе заканчваў Галоўны педагагічны інстытут, размешчаны ў адным будынку з Пецярбургскім універсітэтам, дзе вучыўся Канстанцін Каліноўскі.
Нягледзячы на тое, што першакурснікаў у такія аб’яднанні дапускалі надзвычай рэдка, менавіта Віктар пасадзейнічаў далучэнню да іх свайго брата Канстанціна. Не апошняя яго роля і ў тым, што Канстанцін увайшоў у зямляцтва студэнтаў з былой Рэчы Паспалітай “Огул” і нават быў абраны яго бібліятэкарам, фактычна – кіраўніком. Згодна паказанням удзельніка аб’яднання Вітольда Гажыча,[165] “бібліятэкар карыстаўся асаблівай павагай таварыства і лічыўся як бы старэйшай асобай, на сходках меў права канчаткова вырашаць справы”.[166] Усяго гэтая арганізацыя аб’ядноўвала каля 500 сяброў-студэнтаў, якія за карыстанне таварыскай бібліятэкай плацілі па 40 капеек штомесячна.[167] Чытальня ж была месцам збору кіраўніцтва “Агулу”, да якога належылі, акрамя Каліноўскага, Эдмунд Вярыга, Ігнат Здановіч, Фелікс Зянковіч, Эмануэль Юндзіл, Іосіф Ямант.[168]
У ліпені 1856 года ў Пецярбург пасля васьмі гадоў ссылкі прыязджае Зыгмунт Серакоўскі. Радыкальна змяніўшы свае першапачатковыя погляды ў адносінах “усходніх братоў”,[169] ён восенню 1857 года арганізоўвае ў