Васіль Герасімчык

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда


Скачать книгу

ўзнікла з дагавора, але ёсць некаторыя падставы, каб гіпотэзу дагавора, якую Фіхтэ змяшчаў у мінулым, можна было прымяніць і да будучыні. З поспехамі цывілізацыі мы з кожным векам набліжаемся болей і болей да такой пабудовы дзяржавы, якая заснавана на зусім свабодных адносінах паміж дзяржавай і асобай. Дзяржава паходзіць з неабходнасці, узнікла амаль паўсюдна пры дапамозе заваявання, пры дапамозе гвалтоўнага падпарадкавання адных плямён іншымі; але ў рэшце рэшт асоба прыходзіць да ўсведамлення, што дзяржава існуе толькі для асобы і ёсць адзінае магчымае асяроддзе для яе развіцця”.[135] Менавіта гэтыя словы маглі знайсці адлюстраванне ў “Мужыцкай праўдзе”, у № 4 якой адзначана, што “не народ зроблены для ронду, а ронд для народу”.

      Ад Спасовіча студэнты даведваліся пра многія новыя ідэі, як, напрыклад, пра дзейнасць і погляды англійскага сацыяліста-ўтапіста Роберта Оўэна, пра вучэнні і ўтопіі Сэн-Сімона, Фур’е, Леру, адкрывалі свет Канта, Фіхтэ, Гегеля, Міля, Прудона, Шапенгаўэра. Як адзначае В. Шалькевіч, лекцыі У. Спасовіча не толькі знаёмілі Каліноўскага са шматлікімі філасофскімі думкамі, але і сталі для яго штуршком да паглыбленага вывучэння філасофіі.[136]

      Сам жа Спасовіч быў сябрам І. Агрызкі, які выдаў яго падручнік па крымінальным праве. Пазней Міхаіл Мураўёў, разумеючы ўплыў прафесара на студэнтаў, што далучыліся да паўстання 1863–1864 гадоў, адзначаў: “Спасовіч больш яго [І. Агрызка] вінаваты, але застаўся цэлым, таму што не патрапіла ніводнай літары, напісанай яго рукой…”.[137]

      Акрамя таго, Каліноўскі атрымліваў веды па палітычнай эканоміцы, статыстыцы, логіцы, псіхалогіі, батаніцы, сельскай гаспадарцы, тэхналогіі, архітэктуры, рускай і французскай мовах.

      У 1857 годзе пасля прызначэння новым апекуном Пецярбургскага навучальнага корпуса князя Г. Шчарбатава замест мікалаеўскага М. Мусіна-Пушкіна ў Пецярбургскім універсітэце быў павялічаны набор да 600 студэнтаў. На лекцыі быў адкрыты свабодны доступ усім слухачам, нават жанчынам. Змянялася і студэнцкая мода: адзнакаю студэнта заставаліся студэнцкія сурдуты з сінімі каўнерамі, але трохвуголкі і шпагі выходзілі з ужытку. Моладзь пачала насіць доўгія валасы і вусы, нават была адменена забарона паліць тытунь у будынку ўніверсітэта. Дазваляліся сходы для абмеркавання спраў, стварэнне ўласнай бібліятэкі, выданне студэнцкіх зборнікаў навуковых артыкулаў.

      У выбарах рэдкалегіі, якія праходзілі 23 лютага 1857 года, удзельнічалі ўсе студэнты, у тым ліку і Канстанцін Каліноўскі.[138] У 1858 годзе колькасць слухачоў Пецярбургскага ўніверсітэта павялічылася да тысячы: “Павелічэнне колькасці жадаючых паступіць ва ўніверсітэт дала магчымасць кіраўніцтву быць больш разборлівым і строгім пры ўступных экзаменах. Пры пачатку цяперашняга акадэмічнага года цэлая трэць з агульнай колькасці жадаючых паступіць ва ўніверсітэт не была прынята. Затое пры заканчэнні выпускных экзаменаў у 1858 годзе дзве трэці тых, хто скончыў курс, атрымалі ступень кандыдата”.