Усевалад Ігнатоўскі ўвогуле ў спробе патлумачыць пераезд з Масквы ў Пецярбург убачыў “удзел у студэнцкіх непарадках”,[125] за якія быццам бы Канстанцін, а не яго брат Віктар, быў выключаны. Насамрэч да пераезду прывялі некалькі зусім іншых прычын.
Па-першае, пасля смерці Мікалая І ў Вільні археограф Яўстафій Тышкевіч атрымаў дазвол стварыць Музей старажытнасцей, пры якім пачала дзейнічаць Археалагічная камісія. У ліку яе дзеячаў акрамя братоў Яўстафія і Канстанціна Тышкевічаў, Тэадора Нарбута, Уладзіслава Сыракомлі, Юзэфа Крашэўскага і Міхала Балінскага быў Адам Кіркор (1818–1886), з якім пазнаёміўся Віктар Каліноўскі.
Кіркор, якога Арцём Вярыга-Дарэўскі ў сваім вядомым альбоме называе “Адаська” і “Мурашка працавіты”, актыўна займаўся навуковай дзейнасцю, асабліва археалогіяй і этнаграфіяй, паспеў выдаць шэраг альманахаў, перш чым у 1859 годзе заснаваў уласную друкарню і заняўся сумесна з Мікалаем Маліноўскім (1799–1865), былым філаматам і сябрам Адама Міцкевіча і Томаша Зана, рэдагаваннем газеты “Віленскі веснік” (1859–1865). Кіркор вялікую ўвагу надаваў вывучэнню славянскіх народаў, у тым ліку беларусаў. Ён нават звяртаўся да ўрада з прашэннем увесці навучанне ў школах Беларусі на роднай мове. Пад яго ўплывам мінскі маршалак Аляксандр Аскерка выдаў у 1862 годзе ў Варшаве беларускі буквар (“Элементаж”).[126] Менавіта Кіркор прапанаваў Каліноўскаму заняцца зборам матэрыялаў для Археалагічнай камісіі, для чаго неабходна было перабрацца ў Пецярбург.
Па-другое, пасля ўзыходжання на прастол новага імператара Аляксандра ІІ пачалася шырокая амністыя ў дачыненні да патрыятычнай моладзі з былой Рэчы Паспалітай. Адным з першых у іх ліку быў Зыгмунт Серакоўскі, на ўсталяванне сувязі з якім і выправіўся Віктар Каліноўскі.[127]
Браты Каліноўскія пасяліліся ў Выбаргскай часці па Другой Госпітальнай вуліцы ў доме Маслава,[128] дзе жылі служачыя Ваенна-сухапутнага шпіталя, размешчанага на суседняй Клінічнай вуліцы. Побач быў Самсоніеўскі мост праз раку Няву і два буйныя цукровыя заводы – далёка не лепшы раён для жыцця.
Пакуль старэйшы брат вышукваў гістарычныя дакументы ў публічнай бібліятэцы, паралельна наладжваючы сувязі з рэвалюцыйнымі гурткамі, Канстанцін 1 жніўня падаў прашэнне на імя выконваючага абавязкі рэктара Пецярбургскага ўніверсітэта вядомага фізіка Эмілія Хрысціянавіча Ленца аб дапушчэнні да прыёмных экзаменаў.[129]
У Пецярбургскім універсітэце
Пасля паспяховай здачы іспытаў, Канстанцін Каліноўскі 15 кастрычніка 1856 года быў залічаны ў лік “своекоштных студентов” І курса разраду камеральных навук Пецярбургскага ўніверсітэта.[130] А на наступны дзень ён, на падставе прадстаўленага ім пасведчання аб цяжкім матэрыяльным становішчы, быў вызвалены ад платы за слуханне лекцый.
У гэты час у Пецярбургскім універсітэце, які вёў сваю гісторыю з 1819 года, навучалася 478 студэнтаў. 395 з іх з’яўляліся “своекоштнымі”. Каліноўскі быў