Васіль Герасімчык

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда


Скачать книгу

вечары, на якіх падчас дыскусій праходзіў канчатковы адбор і сарціроўка ў адпаведнасці з асабістымі здольнасцямі неафіта.[176] Прычым для Віктара месца нараджэння або сацыяльнае паходжанне прэтэндэнта ігралі далёка не вырашальную ролю. Напрыклад, адным з тых, хто дзякуючы старэйшаму Каліноўскаму ўвайшоў у таемныя аб’яднанні, быў сын купца-мільянера Мікалай Ісакавіч Уцін (1841–1883),[177] адзін з кіраўнікоў рускай арганізацыі “Зямля і воля”.

      Вядомасць Віктара Каліноўскага пайшла далёка за межы сталіцы і дайшла да радзімы. Гэтаму садзейнічала і яго праца па генеалагічным росшуку для разнастайных шляхецкіх і магнацкіх родаў, якая дазвалялі яму часам зарабляць вельмі добрыя грошы.[178]

      Віктара Каліноўскага называлі “другім Томашам Занам”, які марыў пра стварэнне арганізацыі кшталту віленскіх прамяністых, ці філарэтаў, для чаго “бярэ пад сваю няпрошаную пратэкцыю маладых студэнтаў, уцягвае іх у сваё таварыства”.[179] Менавіта на гэта наракаў 18-гадоваму сыну Ігнату выкладчык Віленскага дваранскага інстытута Аляксандр Здановіч у жніўні 1858 года, пабачыўшы ў адным з лістоў прозвішча Каліноўскага: “Калі гэта той жа самы васпан, дык здзіўляюся і не разумею, як ты мог забыць пра тое, пра што цябе болей за ўсё прасілі, – каб ніякіх сувязей і знаёмстваў з падобнымі асобамі не заводзіў – хаця б яны мелі самыя высакародныя прынцыпы, самыя лепшыя пачуцці, усё ж такі гэта вар’яты і вядуць моладзь на пагібель. Заклінаю ў такім выпадку цябе, каб спыніў з ім знаёмства, калі ўжо яно пачалося, а калі яшчэ не, асцерагайся яго, як агню, як маравой заразы. Інакш мы ніколі не будзем спакойныя”.[180]

      А турбавацца было чаму: Ігнат Здановіч пасябраваў з малодшым братам Віктара – Канстанцінам, “які пораху не выдумае і з’яўляецца, як кажуць, добрым хлопцам”.[181] Менавіта Канстанцін дапамог Ігнату Здановічу і яго сябру Дашкевічу знайсці кватэру для жыцця падчас паступлення ва ўніверсітэт.

      Нягледзячы на словы бацькі, Здановіч у хуткім часе зрабіўся адным з паплечнікаў Канстанціна Каліноўскага, вакол якога ў 1857–1858 гадах склалася ўласнае кола. Да яго належалі Эдмунд Вярыга, Вітальд Гажыч, Фелікс Зянковіч, Яўстафій Чарноўскі, Эмануэль Юндзіл, Іосіф Ямант. Адным з лепшых сяброў Канстанціна Каліноўскага быў залаты медаліст Слуцкай гімназіі, студэнт фізіка-матэматычнага факультэта Фелікс Вільчкоўскі, які ў верасні 1859 года перавёўся ў Кіеўскі ўніверсітэт Святога Уладзіміра, для чаго пры дапамозе Канстанціна атрымаў пасведчанне ад Пецярбургскага ўніверсітэта.[182]

      Каліноўскі быў добра знаёмы з будучымі кіраўнікамі варшаўскага паўстанцкага ўрада, якія ў адзін час з ім навучаліся ў Пецярбургскім універсітэце: Стэфанам Баброўскім, Оскарам Авейдэ. Пазнаёміўся ён і з лідарамі “Зямлі і волі” Мікалаем Уціным і Лангінам Фёдаравічам Панцялеевым. У Пецярбургу Канстанцін таксама сустрэўся з інжынерам шляхоў зносін Уладзіславам Малахоўскім і служачым чыгункі Ільдэфонсам Мілевічам, якія сталі яго блізкімі сябрамі,