Зоя Доля

Акно ў замежжа (зборнік)


Скачать книгу

на дзіва… – упікнула сябе Вера. – А ён сімпатычны, напэўна дзяўчатам падабаецца», – на вусны набегла прыемная ўсмешка…

      Здараецца, беларускі нараджаюць дзяцей ад чарнаскурых афрыканцаў, студэнтаў, што прыязджаюць у Беларусь за адукацыяй. Маладосць, каханне, жарсць – і на свет з’яўляецца цемнаскурае немаўля.

      Дзеці-мулаты растуць, вучацца ў школе, сталеюць. Іх выхоўваюць беларускія мамы і бабулі. Ім незнаёмы афрыканскае пякучае сонца, традыцыі і жарсці гарачага кантынента. Яны дзеці беларускай восеньскай смугі, туманаў і дажджоў, зімовага холаду і белай завірухі. Яны выраслі на беларускай глебе, склаліся як пазл з мясцовых звычак і адметнасцяў. Па сутнасці яны – беларусы. Але ім няўтульна на радзіме. Стаўшы дарослымі, яны знікаюць. Напэўна, з’язджаюць туды, дзе на колер іх скуры ніхто не зверне ўвагі. І дзесьці там за мяжой жывуць мулаты з беларускай душой…

      4

      Мінаў час, аднастайна адлічваючы месяц за месяцам. Сумеснае жыццё з Вікторам перайшло паўгадавы рубеж. Але кардынальна нічога не змянілася. Тая ж нявызначанасць. Віктора, здаецца, усё задавальняла. Ён прызвычаіўся да прыгатаваных у час вячэраў, адпрасаваных сарочак. Успрымаў клопат аб сабе як належнае. Веры даводзілася паспяваць на працы і дома. Усё б было нічога, каб не далёкія паездкі на працу. Гадзіну яна дабіралася ў адзін бок раніцай, перасядаючы з аднаго перапоўненага аўтобуса ў другі, гадзіна – назад вечарам дамоў. Вера выматалася тымі бясконцымі пераездамі і вырашыла звольніцца. Яна нічога не губляла, магла працаваць дома, браць замовы на вячэрнія сукенкі. У шафе ў кутку затулілася, чакаючы свайго часу, фірмовая швейная машынка ў чамадане, перанасная. Вера купіла яе з пераплатай у часы суцэльнага дэфіцыту – машынка яе мары з бясконцай колькасцю аперацый, фігурныя строчкі, зігзагі. У пластыкавым шэрым карабку-пенале захоўваліся металічныя лапкі розных канфігурацый, аб прызначэнні некаторых нават Вера, па прафесіі мадэльер, не мела ўяўлення, не кажучы пра звычайных гаспадынь, што маглі прастрачыць выключна адну строчку, і тую крывую. З такой машынкай ёй была па плячу любая замова на самую складаную мадэль сукенкі. Віктор падтрымаў Верына рашэнне хутка, без абмеркавання. Ён наогул не вельмі цікавіўся яе справамі. І Вера засела за шыццё дома. Графік свабоднага прадпрымальніка ёй спадабаўся. Пад настрой шыла некалькі замоваў за тыдзень, а потым магла тыдзень пагуляць без працы.

      У стомлены ад зімовых халадоў горад прыйшла доўгачаканая вясна. Няспешна ўбіралася ў сілу, доўгі час было зябка і дажджліва, і раптам пацяплела, цэлы тыдзень дзень за днём без перапынку свяціла сонца, парыла, угравала зямлю. Хутка на шэрых галінах дрэў павыстрэльвала яскрава-салатавае маладое лісце. Клумбу ля пад’езда нізкім покрывам заслалі рассыпаныя купкамі фіялкавага колеру дробныя кветкі. Працінаючы напоеную вільгаццю глебу, узнімаліся свежыя парасткі цюльпанаў і касачоў. Ціўкалі птушкі. Вера пачала заўважаць, як абуджаецца прырода. Раней у яе не было на тое часу. Кожны дзень на бягу.

      Надышоў выходны дзень. Субота. Выходны для Віктора. Вера ж цяпер