Зоя Доля

Акно ў замежжа (зборнік)


Скачать книгу

часу.

      Апоўдні ў дзверы пазванілі. Вера ўзнялася з-за машынкі, прыхінула руку да паясніцы, выгнуўшыся назад, размяла зацёкшую спіну і паплялася да дзвярэй. Зірнула ў дзвярное вочка. Перад вочкам намаляваўся твар Віктора.

      – Х-м-м, нешта рана вярнуўся, – здзіўлена прамармытала Вера, шчоўкнула дзвярным замком і, падпіхнуўшы рукой, расчыніла дзверы. – Віктор, я думала, ты з’явішся бліжэй да вечара, што здарылася? – заклапочана спытала яна.

      – Мама, праходзь, – прамовіў Віктор, адступіў пару крокаў назад, і перад ім, прыплыўшы аднекуль збоку, узнікла невялікая жанчына-кадушка з падвоеным падбародкам і дробнай хімзавіўкай на валасах. – Пазнаёмся, Вера, – гэта мая мама, Валянціна Іванаўна, – роблена ўрачыста адрэкамендаваў Віктор.

      – Вельмі прыемна, праходзьце, калі ласка, – павялічана ветліва мямліла, сустракаючы неспадзяваную госцю, Вера.

      «Гад, мог бы папярэдзіць… я хоць бы падрыхтавалася… не, я калі-небудзь заеду яму патэльняй!» – віравала ў Верынай душы патаемнае абурэнне, перамешанае з разгубленасцю ад нечаканай сустрэчы з магчымай свякроўкай.

      Кадушка не сказала, што ёй таксама прыемна, не любіла і не лічыла патрэбным маніць. Ганарыста пераступіла парог кароткімі нагамі, зняла пантофлі, вызваліўшы са скураной няволі кароткія і шырокія, нібы ласты, ступні.

      – Я зараз вам дам тапкі, хвіліну пачакайце, – мітусліва рылася Вера ў скрыні для абутку.

      Адшукала новыя тапкі Віктора, разлічыўшы, што яе тапкі трыццаць шостага памеру на тыя ласты наўрад ці ўзлезуць. Валянціна Іванаўна ўсунула ногі ў тапкі і гугнява прамовіла:

      – Як вы тут жывяце?

      – Нармальна жывём, мама. Я табе казаў, што ўсё ў нас у парадку.

      – У парадку? – Валянціна Іванаўна працяла сына паглядам рэвізора.

      – Праходзьце, калі ласка. Будзьце як дома… а я… я хуценька чайнік пастаўлю, – сказала Вера.

      Яна марыла хутчэй уцячы з пярэдняй, каб перавесці дух. Пакінуўшы Віктора абіхаджваць маму, руплівай гаспадыняй змылася на кухню.

      Валянціна Іванаўна праводзіла рэвізію памяшканняў. Першнаперш зазірнула ў залу. Абрыўкі нітак валяліся на падлозе, недашытая васільковая сукенка і кавалкі крою – на канапе.

      – Парадак, – з’едліва склала вусны ў крывыя складкі Валянціна Іванаўна і няўхвальна захістала галавой.

      Сын стаяў у яе за спінай, маўчаў і пакутліва зводзіў вочы да пераносся. Зрэнкі з’ехаліся адна да адной, а як мама павярнулася і глянула на Віктора, спрытна вярнуліся на свае месцы.

      – Мама, пойдзем, пап’ем гарбаты.

      – Што ты мяне падганяеш? Я хачу паглядзець, як жыве мой сын.

      – Нармальна жыву, мама.

      Вера грукала кубкамі на кухні. На пліце шыпеў чайнік. А Валянціна Іванаўна няўёмна шастала па пакоях. У спальні яна затрымалася, уважліва разгледзела двухспальны ложак, дзе яе сын спаў з гэтай… Валянціне Іванаўне захацелася падысці і пакратаць, праверыць пругкасць