да камля клёна, зверху над драўляным дахам альтанкі шапталіся зялёныя востраканечныя кляновыя лісты. Па баках альтанкі былі зроблены лаўкі, а па цэнтры – драўляны стол. Дошкі на лаўках і стале пакрыліся шэрасцю, патрэскаліся ад часу. Віктор грунтоўна ўсеўся на лаўку ў глыбіні альтанкі і звыкла шырока раскінуў ногі. Саша прымасціўся ля ўвахода, дастаў пачак цыгарэт «Мальбара» і, чыркнуўшы дарагой запальніцай з гравіроўкай на корпусе, прыкурыў цыгарэту. Цыгарэтны дым паплыў белым ручайком у паветра. Кампаньёны толькі што адабедалі ў рэстаране. На днях яны заключылі паспяховую здзелку: уцюхалі партыю зялёнага гарошку спажыўцам у Расію. Цяпер былі ў прыўзнятым настроі. Пасля абеду ў рэстаране Саша захацеў пакурыць на ўлонні прыроды. Ён курыў адзін. Віктор да цыгарэт быў абыякавы, у альтанку пайшоў за кампанію.
– Піць хачу, – прамовіў Віктор і аблізнуў вусны. – Смажаніну ў рэстаране повар добра перасаліў.
– Няма дзе табе ўзяць папіць. Цярпенне, мой сябра, – адказаў Саша і салодка зацягнуўся цыгарэтай.
Па сцежцы нацянькі ад дома ў глыбіні двара ішоў хлопчык гадоў дванаццаці. Ахайны, у сарочцы з доўгімі рукавамі, зашпілены на ўсе гузікі.
– Чуеш ты, пацан, хадзі сюды! – уладна паклікаў Віктор хлопца і паманіў кручкавата сагнутым указальным пальца.
Хлопчык паслухмяна саступіў са сцежкі і павольна падышоў да альтанкі. Празрыстымі шчырымі вачамі вучня-выдатніка ён глядзеў на Віктора.
– Тут камерцыйны ларок паблізу ёсць? – нецярпліва спытаў Віктор.
Хлопчык сцвярджальна матнуў бялявай галавой зверху ўніз.
– Малы, зганяй у ларок, купі бутэльку кока-колы… літровую… Піць хачу… Дык што, збегаеш?
Хлопчык згодна матнуў галавой, лыпнуў вейкамі празрыстых вачэй. Віктор па-барску дастаў з нагруднай кішэні тоўсты партманет, паказальна расхінуў перад хлапцом, выняў хрусткую новую купюру беларускіх грошай і, трымаючы між двума пальцамі, вялікім і ўказальным, працягнуў грашовую банкноту школьніку. Хлопчык паслухмяна ўзяў.
– Так, давай хуценька, адна нага – тут, другая – там. Рэшту возьмеш сабе, – па-гаспадарску распарадзіўся Віктор.
Хлопчык згодна матнуў галавой зверху ўніз, развярнуўся і нетаропка, з той жа хуткасцю, што і да сустрэчы з Вікторам, пайшоў ад альтанкі ў бок вуліцы. У руцэ ён трымаў грошы.
– Ты паглядзі… ледзь ходзіць, дагнаць бы ды даць пендаля пад зад, – нецярпліва бубніў Віктор. – Піць хачу!
Віктор абагаўляў кока-колу. З салодкіх напояў ужываў выключна яе. Нешта ў гэтым напоі адчувалася амерыканскае, прасунутае, перадавое.
– Ды пачакай крыху, зараз прынясе, – абыякава супакойваў кампаньёна Саша.
Час ішоў. Віктор паглядаў на гадзіннік, аблізваючы сасмяглыя вусны. Прайшло больш за дваццаць хвілін. Хлопчык з кока-колай не вярнуўся.
– Ён не прыйдзе, – сказаў Саша. – Не ўбачыць табе ні грошы, ні кока-колы… стопудова.
Сашу разбіраў смех.
– Во гадзёныш! – кіпеў Віктор. – А вочкі бачыў? З яго б святых пісаць.
– Н-д-а-а, дзе-е-ткі