нюх на грошы.
Сёння Клава з’ехала ў падатковую. Віктор і Саша па вяртанні ў офіс бухгалтаркі не заспелі і апынуліся ў пакоі адны. Офіс. Так гучна называўся цесны пакой з двума малымі акенцамі пад столлю. Праз акенцы часам бачыліся ногі жыхароў дома, насяляўшых пяць паверхаў над падвалам. Саша, чалавек нежанаты, любіў глядзець на ногі пад кароткімі спадніцамі, тоўсценькія і худыя запалкі, са скразнячком і літарай Х. Ён маляўніча ўяўляў, як можа выглядаць уладальніца ўбачаных ног.
У офісе быў зроблены еўрарамонт. Еўрапейскімі выяўляліся матэрыялы, а рукі, што рабілі рамонт, былі мясцовага паходжання, рукі шабашнікаў-хаўтуршчыкаў. Брыгады, прагнучы падзарабіць, смела і рашуча называлі сябе будаўнікамі і браліся за справу рамонту. «Падумаеш, рамонт, – разважалі чальцы брыгад, – любы і кожны можа к сцяне шпалеры прыляпіць і плінтус прыцвікаваць, і мы гэта здзейснім у найкарацейшы тэрмін». Вось гэты любы і кожны ў рамонце офіса асабіста пашчыраваў. Дарагія імпартныя шпалеры, коса прылепленыя да сцяны, месцамі разышліся па швах. Пенапластавы плінтус пад столлю ў кутках адклеіўся і правісаў краямі. Ля стала бухгалтаркі прадраўся лінолеум. Будаўнікі-хаўтуршчыкі пакінулі пад ім у падлозе дзірку, паленаваліся заканапаціць, а Клаўдзія прасадзіла лінолеум шпількамі абцасаў.
Саша перагледзеў паперы, склаў іх у стос і пацягнуўся за пачкам цыгарэт. Пачак быў амаль пусты, засталося тры цыгарэты.
– Трэба матануцца да Мітрафанаўны, закупіць тытуню. Вазьму адразу пару блокаў «Мальбара». Давай зараз з’ездім, – папрасіў Саша, круцячы ў руках апусцелы цыгарэтны пачак.
– Паехалі, – пагадзіўся Віктор.
6
Мітрафанаўна, жвавая хударлявая бабуля, стаяла ў падземным пераходзе ля Камароўскага рынка з палатнянай пацёганай торбай у руцэ. У торбе, прыкрытыя вязанай кофтай, хаваліся пачкі імпартных цыгарэт: кантрабандны тавар, нелегальна ўвезены з-за мяжы. Мітрафанаўна знаходзілася ў шчыльнай сувязі з буйнымі кантрабандыстамі. Яна брала на рэалізацыю цыгарэты і займалася падпольным дробным гандлем. Сёння да Мітрафанаўны далучылася новая кампаньёнка-пенсіянерка. Яна не проста самастойна прыйшла і стала гандляваць, яна была ўведзена ў падпольную сетку па рэкамендацыі кантрабанднымі сувязнымі. Новую гандлярку цыгарэтамі «Мальбара», «Кент» і «Кэмел» з вярблюдам на пачку звалі Кацярына Львоўна. Некалі яна працавала выкладчыцай ва ўніверсітэце. З глыбокім веданнем справы выкладала палітэканомію і нават напісала кандыдацкую дысертацыю. Цяпер мінулы выкладчыцкі вопыт і статус ніякім чынам не мог ёй спатрэбіцца, бо яны зраўняліся ў падземным пераходзе ля Камароўскага рынка з пралетаркай, былой працаўніцай завода Галінай Мітрафанаўнай. Зраўняла іх аднолькавая жабрацкая пенсія. Поспех прыходзіць і сыходзіць, а есці хочацца заўсёды. Былая выкладчыца Кацярына Львоўна ў першы дзень кантрабанднай працы на працоўнае месца з’явілася пры парадзе: адпрасаваныя штаны і кофта з белым каўняром. Тонкія бяскроўныя