Не хапала хіба што песні: «Не жди меня, мама, хорошего сына. Твой сын не такой, как был вчера. Меня засосала опасная трясина, и жизнь моя вечная игра».
«Чорт, прыляпіўся ж… Як ад яго адчапіцца?» – думала Вера.
– Ой! Мне ж у краму трэба! – радасна ўскрыкнула яна, убачыўшы шыльду з надпісам «Універсам». – Да пабачэння! Усяго добрага!
Вера прыпусціла да дзвярэй універсама. Уладальнік усмешкі без двух зубоў спыніўся і на развітанне яшчэ раз шырока ўсміхнуўся.
Перачакаўшы ва універсаме, Вера, перш чым выйсці на вуліцу, праз шкляныя дзверы прасачыла, ці вольны шлях. Кавалера не было. Сышоў шукаць наступную чартоўскі сімпатычную…
Да Веры на прымерку прыйшла кліентка. Лілія. А ў маёй Ліліі як у каровы талія. Мажная жанчына, высокая, поўная, узростам гадоў пад пяцьдзесят. Тыдзень таму Лілія замовіла святочную сукенку: у пляменніка намячалася вяселле, збяруцца кагалам сваякі, родныя, стрыечныя і сёмая вада на кісялі, чалавек семдзесят. Лілія – цётка жаніха, павінна бліскануць перад гасцямі новай сукенкай. Перш чым зрабіць замову, Лілія гадзіну мусоліла часопісы моды, ніяк не магла вызначыцца з фасонам. З палаючымі вачамі гартала слізкія лашчоныя старонкі і замірала, загледзеўшыся на худую, плоскую як жэрдка манекеншчыцу, абкручаную драпіроўкай з тканіны.
– Хачу вось такі фасон, – пісталетнай руляй настаўляла Лілія ўказальны палец на юную мадэльку ў дзявочай сукенцы.
– На жаль, гэта мадэль вам не падыдзе, трэба пашукаць штосьці іншае, – як мага мякчэй прамаўляла Вера.
– Тады, можа, гэты варыянт?.. – здзекавалася над часопісам Лілія.
Веры з цяжкасцю ўдалося адгаварыць Лілію ад рукава кімано і драпіроўкі на грудзях. Спыніліся на простай элегантнай мадэлі. Лілія праявіла фантазію і на свой густ запатрабавала ўпрыгожыць сукенку бантам.
Сёння на прымерцы яна стаяла перад люстрам з касым тварам. На грудзях пры канцы глыбокага выраза дыбіўся завязаны бант.
– Яго трэба прыбраць, – пацерабіла Лілія банцік. – Нешта не тое.
Вера адпарола ніткі фастрыгоўкі і з палёгкай скінула недарэчны элемент на падлогу.
– Канечне, бант лішні, – паслужліва закруцілася яна ля «мадэлі».
– Неяк праставата, – дакучліва ныла Лілія і мацала выраз вакол мятай друзлай шыі. – Можа, што-небудзь іншае прыдумаць… вясёленькае… рушы зрабіць, напрыклад?..
Вера адвяла ўбок абураны пагляд. Праз імгненне яна зноў ялейна глядзела на кліентку і вытрымана, пяшчотна тлумачыла:
– Лілія, давайце не будзем перагружаць мадэль непатрэбнымі элементамі. Я параіла б вам дапоўніць сукенку аксесуарамі. Нітка белых караляў ці залаты ланцужок з бурштынавым кулонам – будзе нашмат эфектней і элегантней. А вось рукаўчык мы паправім.
Лілія манументам застыла перад вялікім люстрам у трохстворчатай шафе. Сукенку прымяралі ў спальні ў вузкім праходзе між двухспальным ложкам і шафай. Прасунуўшыся між Ліліяй і шафай, Вера дабралася да прымётанага рукава, паправіла паралонавае падплечыка і перакалола рукаў, скарачаючы