Зоя Доля

Акно ў замежжа (зборнік)


Скачать книгу

добрага жыцця мы ў пераход гандляваць пайшлі… Але ўсё адно ім лепш на вочы не трапляцца… а ты добра зрабіла, што ў штанах прыйшла. Спрытней будзе бегчы.

      Мітрафанаўна крутнулася да мінакоў і прагаварыла як мантру:

      – «Кэмел», «Мальбара», нядорага.

      Падземны пераход нагадваў вялікі мурашнік. Людзі ад аўтобусных прыпынкаў і бліжэйшых вуліц спяшаліся на рынак. Сноўдалі валютчыкі, моцныя хлопцы ў красоўках і спартыўных касцюмах з залатымі ланцугамі на шыі. Дачнікі гандлявалі кветкамі, прытуліўшыся ўздоўж сцен, ставілі ля ног рознакаляровыя пластмасавыя вёдры з букетамі.

      Прафесарша нясмела ўзялася за працу і пайшла ў народ.

      – «Кэ-мел», – слаба выціснула яна з сябе і пастукала па плеценай кашолцы.

      – Пішчыць як кацяня, – ціха прабурчала пра прафесаршу Мітрафанаўна, – а бацьку ейнага звалі Леў… Цар звяроў… Прыдумаюць жа людзі імёны… Леў… Не, каб па-чалавечы назваць Мікалаем ці хоць бы Мітрафанам, як майго бацьку.

      Ля прафесаршы спыніўся малады хлопец, па ўсяму відаць студэнт, лядашчы і галавасты. Прафесарша без малейшых згрызот сумлення загнала студэнту пачак цыгарэт.

      – О, размачыла. Гэта добра, цяпер гандаль пойдзе, – пахваліла новенькую бывалая Мітрафанаўна.

      Гандаль пайшоў. Бабулі сноўдалі па пераходзе і пакрысе распрадавалі тытунь. Прафесарша хутка стамілася без звычкі. Жвавая Мітрафанаўна хадзіла нібы завадная і паспявала сачыць за абстаноўкай. Бакавым зрокам наверсе на плошчы перад падземным уваходам Мітрафанаўна злавіла варушэнне. Хутка ўзбегла па прыступках, агледзела плошчу ля рынка. Ад Дома Мэблі рухаўся міліцэйскі патруль. Мітрафанаўна маланкай пранеслася ўніз па прыступках і гукнула да кантрабандыстак:

      – Дзеўкі, мянты!..

      Ад нечаканасці прафесарша з кашолкай аслупянела.

      – Што здранцвела? – піхнула яе пад локаць Мітрафанаўна. – Каця, не стой як слуп. Пабеглі да «кукурузы», – загадала прафесаршы, і яны прыпусцілі на другі бок пераходу да выхаду з падзямелля.

      Мітрафанаўна на ўсіх ветразях абганяла прафесаршу. Кацярына Львоўна перарывіста дыхаючы, выяўляла небывалы спрыт і старалася не адставаць.

      Двое мужчын спыніліся і назіралі за бабулямі. Адзін прамовіў:

      – Паглядзі, што старушэнцыі твораць! Навыперадкі панесліся! А ў паліклініцы стогнуць: ціск у іх, суставы хворыя. Сюды б участковага ўрача, каб палюбаваўся на пацыентак.

      – А тая, каторая худзейшая, – кіўнуў другі на Мітрафанаўну, – якраз мая цешча.

      Мітрафанаўна і прафесарша вынырнулі з падземнага пераходу на вуліцу і, змяніўшы подбег на хуткую хаду, аддыхваючыся, пашыбавалі да высокага дома з белымі паўкруглымі балконамі, падобнага на кукурузны пачатак, празванага ў народзе «кукурузай».

      Саша з машыны заўважыў знаёмую бабулю. У Мітрафанаўны ён заўсёды купляў цыгарэты. Віктор прытармазіў ля ўзбочыны. Саша адкруціў аўтамабільнае шкло і гукнуў:

      – Мітрафанаўна!

      Мітрафанаўна асцярожна азірнулася, убачыла Сашу ў акне машыны.

      – Каця,