глядзеў у зале тэлевізар. Вера корпалася на кухні: было чуваць, як струменіць вада з кухоннага крана, ляпаюць талеркі. Саша зайшоў у залу.
– Санёк, сядай, целек паглядзім, – прызыўна матнуў рукой Віктор.
Саша прыладзіўся на мяккай канапе. Пачуваўся ён няўтульна. Дома б цяпер спакойна разлёгся ў цішы, пачытаў дэтэктыў. Сядзі тут як цвік у адным месцы. Нейкі час Саша з салідарнасці з Вікторам прыгнечана глядзеў неверагодную эканамічную муру па целеку. Марудна цягнуліся хвіліны. Напрыканцы вечара, прытомлены назіраннямі шчаслівага сямейнага жыцця, Саша з палёгкай паехаў у звыклую эгаістычную самоту халасцяцкай кватэры.
Перад сном Вера наважылася абмеркаваць з Вікторам Сашава асабістае жыццё. Яна сядзела на вялікім двухспальным ложку, прыкрыўшы калені лёгкай летняй коўдрай. Начная сарочка з карункавым выразам спаўзла з пляча. Вера заклапочана ўздыхала:
– Трэба абавязкова Сашу з кім-небудзь пазнаёміць. Яму так самотна… У мяне ёсць сяброўкі незамужнія. Трэба прыдумаць нагоду і звесці іх з Сашам. Напрыклад, зладзіць шашлыкі на прыродзе… Як ты думаеш, Віктор, гэта можна зрабіць? Табе падабаецца мая ідэя?
Віктор у адных трусах рыхтаваўся заскочыць пад коўдру. У яго галаве саспела іншая ідэя. Карункі, што ледзь прыкрывалі Верыны грудзі, натхнялі і будзілі фантазію.
– Што ты сказала? Прабач, я не ўсё пачуў. Сашу пазнаёміць? Можна і пазнаёміць.
Віктор залез пад коўдру, з прыціскам, пажадліва правёў далонню па Верыным калене і вышэй, праваркатаў:
– Сонейка, давай спаць.
Быццам бы ён менавіта спаць і збіраўся…
7
Вера верыла, што можа дапамагчы ўладкаваць Сашава сямейнае жыццё. І што ён менавіта сямейнага жыцця і прагне. У яе на прыкмеце былі дзве сяброўкі, абедзве мінчанкі. Мінчанкі сябруюць з мінчанкамі, правінцыялкі з правінцыялкамі. Іну яна ведала са школы. Тупаватая асоба. У матэматыцы наогул нічога не секла. Старанна спісвала рашэнні задач у суседкі па парце, выцягнуўшы шыю, зазірала праз плячо ў чужы сшытак. З гуманітарнымі навукамі ішло не нашмат лепш. Атэстат Іны за дзесяць класаў стройным шэрагам упрыгожвалі трайбаны… Нейкім дзівам пасля школы Іна паступіла ў сельскагаспадарчы інстытут. Як і дзеля чаго яна там апынулася і пачала знаёміцца з сельскай гаспадаркай, будучы дачкой мінскіх інжынераў, заставалася для Веры загадкай. Хадзілі чуткі, што ў Інінага таты ў той адукацыйнай установе былі падвязкі. Пасля сканчэння сельскагаспадарчага інстытута ў сяло Іна, канечне, не паехала, а засталася ў Мінску у нейкай канторы «Рогі і капыты». Па размеркаванні на працу Іна значылася ў спісе адной з апошніх і павінна была ехаць туды, куды Макар цялят не ганяў, але адбыліся дзіўныя метамарфозы: апошнія са спісу засталіся ў Мінску, а выдатнікі-правінцыялы паехалі ў сяло падымаць пахіснуўшуюся сельскую гаспадарку. Інтэлект якраз у палях ім і спатрэбіцца. Мінчане з Мінска не выязджаюць, яны тут прысмоктваюцца, прымагнічваюцца. Іна наконт інтэлекту не пераймалася, яна дабірала іншым: доўгія ногі, пекныя формы і гуллівы характар.