думаю, гэта надоўга. Выбірайце. А мяне пакупнікі чакаюць.
Прадавачка маланкава і беспамылкова вызначыла ў Веры даставучую асобу ў падборы адценняў, аматарку дасканаласці. Вера памусоліла ў руках няроўны тканевы каснік, уражаная, наколькі іншыя ніткі не пасуюць па колеры. Узяла катушку, тую першую, што агледзела з самага пачатку, і пайшла да касы. Аплачаныя ніткі перакачавалі з прылаўка ў сумачку і згубіліся сярод мілых жаночых дробязяў: памады «Маргарэт Астор», бліскучых заколак, авальнага люстэрка-пудраніцы і бог ведае чаго яшчэ, што можна адшукаць у жаночай сумачцы. Задаволеная пакупкай, Вера збегла па прыступках на першы паверх ЦУМа і паспяшалася ў метро.
У гулкім вагоне, занырваючым у перагоны метро, праімчала па рэйках да станцыі «Усход». На выхадзе ледзь не атрымала па ілбе. Шкляныя тугія дзверы піхнула перад сабой тоўстая цётка, вынесла сваё грузнае цела ў пераход і адпусціла дзверы ў вольны палёт. Яны з разгону панесліся назад на Веру. Вера ліхаманкава выставіла перад сабой рукі і, захістаўшыся, як камыш пад ветрам, перахапіла прыляцеўшыя дзверы. Сонечныя акуляры, прыгожа і модна ўладкаваныя над ілбом, плюхнуліся на нос і, з’ехаўшы па пераноссі, затрымаліся на самай піпцы. А цётка, нібы крэйсер, шыбавала наперад. Вера натужна выціснула дзверы ад сябе наперад, сумленна іх прытрымала, каб не заехалі ў наступнага наведвальніка метро. Апынуўшыся ў пешаходным пераходзе, яна паправіла сонечныя акуляры, устойліва замацавала два чорныя авалы на пераноссі. На лоб не ставіла, асцерагалася, раптам зваляцца пад ногі, а цёткі-крэйсеры раструшчаць і вокам не міргнуць. Лятучай хадой Вера выпырхнула з перахода. Подбегам імканула да гандлёвага ларка, адвярнуўшыся да мінакоў спінай, падфарбавала чырвонай памадай вусны, агледзела твар у маленькае люстэрка з пудраніцы. Кіназорка. Шчоўкнула накрыўкай пудраніцы і зашпурнула яе ў сумачку. Крутнулася на тонкіх абцасах і пайшла да прыпынку. Апошнім часам Вера пахарашэла. Незаўважна з худзенькай дзяўчыны яна ператварылася ў статную відную маладзіцу, асаністую, з акруглымі тачонымі формамі. Мама Віктора не мела рацыі, калі называла яе курыцай.
Набліжаўся аўтобус. Вера прапусціла перад сабой пасажыраў, прагнучых як мага хутчэй трапіць у транспарт, быццам напаўпусты аўтобус апошні ў гэтым сезоне. Вера не спяшалася. Грацыёзна зайшла на заднюю пляцоўку і прыладзілася ля шырокага аўтобуснага акна. Праз чорныя авалы сонечных акуляраў пазірала на вуліцу. Аўтобус крануўся і павольна ад’ехаў ад прыпынку. Вера ўхапілася рукой за поручань. Праз момант па яе руцэ шарганула шурпатая далонь і знікла. Вера азірнулася. На пляцоўцы пахістваўся пад рух аўтобуса і шырока ёй усміхаўся сухарлявы малады мужчына ў наколках. Рукі пад кароткімі рукавамі сарочкі сінелі роспісам кшталту «накалі мне купала». У шырокай усмешцы не хапала двух зубоў.
– Мадам, не сказаць, каб вы былі прыгажуня, але ж чартоўскі сімпатычная! – лісліва выдаў ён камплімент Веры.
«Кажуць, што ў нас у транспарце ніхто не знаёміцца. Хлусня. Паглядзіце які спрытны: ірве падмёткі на ляту. Чым