атрымлівалі прадукт сваёй творчасьці – эгаістычных падлеткаў.
Настаўніца па біялёгіі была настолькі намі закатаваная, што неяк падчас урокаў давялося выклікаць хуткую. Настаўніца з сардэчным прыступам ляжала ў шпіталі зь месяц, а праз год памерла, так і не пасьпеўшы ў нас давыкладаць. З прыходам новай настаўніцы ў мяне адкрылася другое дыханьне, і на алімпіядзе па біялёгіі я выйшаў на раён, пасьля перамогі атрымаў магчымасьць прадстаўляць сябе й школу на гарадзкой алімпіядзе, але… я праспаў у той дзень. Я мусіў ехаць на «горад» разам зь біялягіцай і дырэктарам, яны мяне чакалі каля мэтро, а я спаў… Гэта было сорамам для ўсіх біёлягаў… Потым я цьвёрда вырашыў рушыць у мэдыцыну, каб замольваць гэты грэх.
Дзявятая кляса – мы былі зачараваныя новым настаўнікам рускай літаратуры: гэты вусаты дзядзька (дарэчы, вусы ў яго расьлі ў рот, яны загіналіся пад верхнюю губу й ліплі да зубоў, ён часта любіў дакранацца да іх языком) адкрыў нам цуд спрэчак – уся кляса толькі й рабіла, што спрачалася наконт прачытаных твораў. Было сапраўды цікава ў яго вучыцца, але новы настаўнік праз год нас пакінуў, уладкаваўшыся завучам у гімназію.
У дзявятай мы ўсе гулялі ў сямʼю – хтосьці камусьці быў бацькам, дзядзькам, братам, кузэнам, сястрою, жонкаю, каханкаю, кузынаю. Уся кляса нібыта зварʼяцела, выбух адбыўся, гармоны ўзялі сваё – усе мы даўно перацалаваліся і пераабдымаліся.
""Крыжачок" – віно, якое танчыць". Невядома, хто яго так назваў, напэўна, проста прыжылося ў народзе, але гэтае азначэньне "чарніла" я пачуў ад кагосьці са старшаклясьнікаў і распавёў свайму сябру Андрэю ў чароўны момант непасрэднага знаёмства зь віном… Мы былі ў невялікім дворыку, з усіх бакоў абнесеным зялёнай сьцяной каштанаў, гэта стварала ўтульны настрой для кампаніі і хавала нас ад мінакоў. Дзьве лаўкі зручна разьмясьцілі нашыя целы, нас было восем, ня лічачы некалькіх старшаклясьнікаў, якія ведалі, што рабіць з гэтым пойлам…
Глыток ― і тухлая, салодкая вадкасьць прайшла па страваводзе ў страўнік… Цэлую шклянку нагбом! Сяброўкі глядзелі на мяне, як на героя… Старшаклясьнік толькі выскаляўся, а мы яму падыгрывалі, мы былі такія ж дарослыя, як і ён… Пасьля першай, другой, трэцяй шклянкі ўсе запалілі. Праз хвіліну кожны з нас быў ужо ня ў гэтым сьвеце, усе апʼянелі й паводзілі сябе як варʼяты… Нам захацелася пайсьці ў клюб, які знаходзіўся літаральна за два крокі ад нашага дворыка. Мы дапілі «Крыжачок» і скіраваліся туды.
Мяне хістала ў розныя бакі, сьвядомасьць разьдзірала на часткі, мне не хацелася танчыць…
Не дамаўляючыся, мы ўчатырох накіраваліся ў прыбіральню… але самае жорсткае пачалося ў той момант, калі, выходзячы з прыбіральні, мы з Андрэем перасякліся з нашымі дзяўчатамі. Нас ахапіў шал, натуральна, не было ніякага сэксу, проста мы пачалі цалавацца, мацаючы адно аднаго… Непрыкметна мы трапілі ў мужчынскую прыбіральню, атрымліваючы першы блядзкі досьвед у жыцьці… Спыніцца было вышэй за нашыя сілы, тут уладарыў юрлівы пачатак… Я казаў