Маладэчна. 12 сотак, бацькам у той час было каля трыццаці год. Зямлі зашмат як на дваіх дарослых і двух малых, але што паробіш. Спачатку энтузіязму хапала на тое, каб падтрымліваць праполатымі й засаджанымі пяць сотак з пахілым парніком й разваленым летнім домікам. Бацька здолеў толькі выкапаць бульдозэрам вялікі катлаван – месца пад мур для трохпавярховага дому… Гэты катлаван, напэўна, і да гэтага часу залівае вадою, там гадуюцца жабы… Так бы мовіць, прыватная сажалка атрымалася.
Суседзі з бакоў, як і зьверху (а нашае лецішча нібыта спускалася з гары й было каля шашы), спрэс былі старэйшыя за ўсю нашую сямʼю, разам узятую, калі не ўдвая, то ў паўтара раза дакладна. Мелі яны шмат сыноў і дачок, унукаў і ўнучак, працавалі з імпэтам – будавалі харомы й палацы, садзілі блакітныя елкі й узводзілі альтанкі й парнікі… Мы на ўсё гэта пазіралі сарамліва й стараліся як мага лепей даглядаць сваю зямлю. Але адным пальцам вузла не завяжаш. Каб былі мы з братам дарослымі, мо' штосьці пайшло б па-іншаму… а так усё, што нам, малым, было наканавана, – зьбіраць кіслыя парэчкі й даглядаць сабаку, каб той ня рыў кратовыя норы пад кустамі й не псаваў грады.
Самыя няўдзячныя ягады – парэчкі: сядзіш пад кустом, брудны, стомлены, у галаву пячэ, зьбіраеш чырвоныя пацеры, а іх шмат, нават зашмат, і падʼесьці ня здольны – хто ж будзе есьці гэтыя кіслыя парэчкі… Адным словам, пакуты, а тады яшчэ ўсю зіму сочыва з гэтых ягад есьць – жах!
Потым лецішча пакрысе стала закінутым, парасло бярозамі й хрэнам, які разрастаўся, як пустазельле, разам з маліньнікам… Карацей, адабралі ў нас зямлю за недагляд, і мы апынуліся вольнымі ад гэтай маруднай апрацоўкі цаліны, узараная зямля якой пасьля кожнага дажджу сьцякала са схілаў да шашы.
Праз дванаццаць год у нас зьявілася новае лецішча, каля Сяргееўскага вадасховішча, разьмешчанае крыху бліжэй да Менску, у два разы меншае па плошчы – шэсьць сотак з утульным летнім домікам. Вакол – лес, вада, рыба, грыбы, дзікія жывёлы й мы… але ўжо дарослыя й здольныя працаваць. Бацькі адразу накінуліся на зьбіраньне грыбоў і ягад…
Чалавек у крыві, у генах мае жарсьць да зьбіральніцтва. Як там было ў старажытнасьці, чым займаліся?.. Так, зьбіральніцтва, рыбалоўства, паляваньне… Але я не трываю такіх справаў. Мне нецікава й самотна швэндацца па лесе, шукаючы ягады й грыбы, я дзіця ўрбанізацыі. Бацькі любілі прывозіць дадому шмат назьбіраных масьлятаў, груздоў, сыраежак і лісічак, навозілі ягад… Усё гэта перабіралася, варылася, закатвалася.
Сёмая кляса… Мы зноў ішлі ў школу, а разам з намі йшоў дождж, быў кастрычнік. Восень, забруджаная апалым лісьцем на волкай скуры зямлі, чорнымі плямамі глядзела нам у вочы, мы былі стомленыя, нявыспаныя, незадаволеныя, разьюшаныя, змушаныя па адной і той жа сьцяжынцы крочыць да сьвятла розуму, да "новых ведаў", якія збольшага складаліся зь непатрэбных рэчаў – іх вызначылі нейкія тоўстыя мужчыны ў працёртых гарнітурах, недзе там, на далёкіх дзяржаўных сходах.
Восеньню мне зноў было не да вучобы: гульні ў бутэлечку на пацалункі, цыгарэты й віно адцягвалі амаль усю ўвагу, але больш за ўсё часу я пачаў выдаткоўваць на гульні ў першую ў сваім жыцьці прыстаўку, якую дзядзька неяк прыцягнуў дадому й уключыў у наш тэлевізар "Віцязь". Тэлевізар паказваў гульні толькі ў чорна-белым зь зялёным адценьнем