страшэнны лямант… Выкладчык крычаў, каб хтосьці вымятаўся вонкі, каб не зрываў экзамэн… Я сьцяміў, што сёньня нам не дачакацца посьпеху на іспыце… Празь імгненьне з габінэту вылецеў мой аднагрупнік, спатыкнуўся й расьцягнуўся на падлозе, зь левай рукі ў яго выпала плястыкоўка з гарэлкай і кавалачкам цытрыны.
Так, дарэчы, гэта быў іспыт па тэорыі літаратуры… Алькаголік вырашыў замест адказу на пытаньні білета распавесьці пра сваю тэорыю "Памаранчавых дрэваў". Дастаў дзьве плястыкоўкі, наліў у іх гарэлкі, кінуў па кавалачку цытрынкі, парэзанай сьцізорыкам паўмесяцамі, і прапанаваў выпіць выкладчыку, кандыдату філялёгіі… Гвалт, сварка, спрэчка, але… восем у залікоўцы. "Як яно? Га? ― пытаўся ён у мяне потым і ўздымаў чарговы кілішак за такі посьпех. – Талент, мазгі!" Тое самае адбывалася й з астатнімі экзамэнамі.
На вышэйшую матэматыку мы хадзілі па традыцыі нецьвярозыя, пісалі матрыцы, на іспыце чакалі таксама іх, матрыц… але чамусьці настаўніка пацягнула распавесьці нам пра такую загадку, як матэматычна немагчымую рэч для вылічэньня – абгоніць Ахілес чарапаху альбо не… Ну хто яго цягнуў за язык?!
У нас пачаліся бяссонныя ночы, алькаголік разам са мною спрабаваў вылічыць, знайсьці формулу, мы шалелі й у такім брудна-кепскім стане прыцягнуліся на экзамэн… Ледзь стоячы на нагах, мой сябра Юля крэйдай штосьці пісаў, настаўнік сядзеў і глядзеў доўга, пільна і штосьці занатоўваў на сваёй паперцы… Потым адвёў яго ўбок і сказаў: "Табе будзе залік, але не спрабуй болей трапляць мне на вочы ў такім стане, іначай не дарую!" Ён сказаў гэта ціха, але цьвёрда, алькаголік нават апрытомнеў…
Яшчэ быў такі дзіўны пэрсанаж, які выкладаў тэорыю кіно й тэатру… Лекцыі ў яго былі – цуд, нейкае дзіва, усе туды хадзілі, акрамя нас… Неяк я завітаў да яго на апошнюю лекцыю разам з панкам. Студэнтаў было шмат: хтосьці стаяў, хтосьці сядзеў на падлозе. Выкладчык адразу пачаў мяне катаваць пытаньнямі, але я сьцяміў пра мэтафару касьцюма й вопраткі, пра цытацыю літаратурнага твору ў тэатры й кіно… Карацей, мы зь ім амаль усю лекцыю прагутарылі й праспрачаліся, пасьля чаго ён сказаў, што больш за ўсё яму шкада, што ўвесь гэты год я не хадзіў да яго на лекцыі, бо так было сумна безь мяне… На экзамэн я нават не пайшоў, усё роўна ў залікоўцы ўжо стаяла дзевяць.
Здаецца, у нас усё атрымлівалася занадта файна й лёгка, але насамрэч гэта было ня так. Дзьве выкладчыцы моцна варушылі нас на сваіх лекцыях. Яны кожны раз трымалі нашае падсьвядомае ў сваіх рукох. Мы, быццам падлеткі, заляцаліся да іхных ведаў, мы хадзілі на лекцыі з трымценьнем, кожны раз адкрываючы для сябе новае… Менавіта гэтыя дзьве выбітныя выкладчыцы, сапраўдныя прафэсіяналы, якіх мы вельмі паважалі й баяліся, зрабілі з нас тых, хто мы ёсьць, яны заклалі падмурак, на які мы ўжо надбудавалі ўсё астатняе… Яны шмат чаго нам даравалі, яны нас разумелі й шмат у чым дапамагалі, выцягвалі нас з палітычнай і адміністрацыйнай багны… Яны былі нашымі інтэлектуальнымі мамамі, і мы стараліся не апусьціцца ў іхных вачах… Але збольшага мы