Паліна Качаткова

Гняздо-2 (зборнік)


Скачать книгу

уладальнікам? Пра люстэркі гэта дакладна вядома, а вось пра сукенкі?

      Але гэта ўжо ў Вільні.

      А перад гэтым было жаданне адпачыць.

      Пашырыць прастору.

      Летнія віленскія канікулы я сабе прыдумала сама.

      З Мінска ў Вільню – на аўтобусе, не на цягніку. Аўтобус – там ёсць магчымасць заняць месца так, каб побач ніхто не сядзеў, каб ніхто не лез, каб ніхто не задаваў пытанняў. У аўтобусе, які ідзе на Вільню, лягчэй застацца незаўважанаю. Выбіраю аўтобус.

      Дарога маляўнічая і падзяляецца на два этапы: да Ашмянаў і пасля Ашмянаў.

      Кожны раз уражвае колькасць паветра ў вежах касцёла ў Ашмянах.

      І неба мяняецца пасля Ашмянаў, як пад’язджаеш да Вільні.

      Вільня. Час, калі квітнее ліпа. Дожджык. Вільгаць. Мокрая дахоўка. Бліскучы брук – чорны, чырвоны, ружовы.

      Людзі, якія жылі ў Вільні раней, пра іх ведаеш з кніг і чужых успамінаў. Свае ўспаміны пра людзей, якія жылі ў Вільні, і ўжо не жывуць тут, і наогул не жывуць… Нідзе. І застаецца толькі спадзявацца на жыццё вечнае.

      І не ўсе анёлы на дахах адразу бываюць заўважныя. Каб убачыць таго, што не бачна было раней, трэба глядзець на купалы і шпілі. І тады – глядзіш і бачыш анёла на касцёле святой Тэрэзы. Трэба зварочваць на вуліцы, на якія звычайна не звяртаеш увагі і праходзіш звыклымі шляхамі. А звыклыя шляхі ёсць і ў Вільні. Пачынаецца дождж. Ціхі, цёплы, пасля – цёплы, але моцны і без пяшчоты. Адскокваеш ад водных плыняў пад балкон, але вада падае, і ад ветру залівае пад балконы, мушу з-пад балкона перабегчы ў бліжэйшую краму.

      Маленькая крама. Гэта адзін з віленскіх сэканд-хэндаў – не той, што Нumana, якая працуе па гуманітарнай праграме «Людзі людзям»: набудзеш рэч – і накорміш галодных на афрыканскім кантыненце. Дык не ў такі сэканд «людзі людзям» я зайшла, а ў прыватны, на вуліцы Sodu.

      Спытала, ці ёсць адзенне вялікіх памераў, і мне ветліва адказалі:

      – Вельмі шмат у нас такога адзення, якое вам падыдзе.

      І вось тут і адбылася размова пра адзенне і жанчыну, якая любіла прыгожа апранацца. А цяпер вось яе адзенне тут, у сэкандзе на вуліцы Sodu.

      Я спытала:

      – Што адбылося?

      – Адна жанчына вельмі схуднела і здае вопратку. Калі набудзеце, то дапаможаце ёй. Яна здае адзенне, каб жыць – набываць ежу і плаціць за кватэру.

      – Чаму схуднела?

      – У яе памерлі бацькі. Яна жыла з імі, вельмі любіла добра апранацца. Ёй падабалася выглядаць прыгожа. Калі бацькі ў яе памерлі, яна пачала здаваць нам тое, што ў яе ў шафах.

      – А колькі ёй гадоў?

      – За пяцьдзясят… Можа, пяцьдзясят пяць ці пяцьдзясят шэсць, недзе так.

      Так я набыла сукенку, пакуль ішоў дождж.

      Два разы ўсяго пасля апранула – нешта не тое ў ёй было. Так і вісіць.

      Вільня. Ліпа. Дождж. Залева. Вада вырываецца з вадасцёкаў. Фатаграфую, як вада вылятае з вадасцёка, пасля на фотаздымку вада будзе выглядаць падобнай на лёд. Так і бывае зімой – вада замярзае і лёд з вадасцёкаў дугой сягае да прамерзлага асфальту. Але тут не асфальт – брук. На старых вуліцах брук пакладзены адмыслова – так,