Паліна Качаткова

Гняздо-2 (зборнік)


Скачать книгу

з матылямі.

      Гаварылі, што, магчыма, дыверсія, што слоік мог быць прывезены на цягніку Берлін–Масква, што матылі са слоіка прынеслі з сабой нябачаную дагэтуль пошасць.

      Слоік спачатку збіраліся везці ў Маскву, а пасля перадумалі, бо, можа, менавіта гэта частка хітрага плана дыверсантаў: каб у руках супрацоўнікаў санстанцыі слоік з белымі матылямі трапіў у Маскву, дзе шмат людзей. Размовы пра пошасных матылёў у слоіку ішлі доўга, а чым скончылася справа – таямніца. Можа, нават дзяржаўная таямніца. Яшчэ яна ведала пра мышэй, якія залазаяць у пустыя піўныя бутэлькі на бровары… І яшчэ шмат такога ўсяго ведала.

      А падзяліцца сваімі ведамі не было з кім. Дзяўчынка марыла пра сяброўку.

      Ва ўсіх кнігах, што ёй чыталі, ва ўсіх дзяўчынак былі сяброўкі. А на іх вуліцы, якая спускалася да ракі і называлася «вуліца Касманаўтаў», дзеці не жылі.

      У доме ўжо ўпрыгожылі ялінку розныя, самыя розныя цацкі: на ніжніх галінках цяжкія нямецкія шышкі – важкія, зялёна-ружовыя, а на верхніх галінках шары, якія свецяцца, калі ў пакоі выключыць святло. І яшчэ – празрыстыя шары, яны падобныя на мыльныя і здаюцца вельмі крохкімі – страшна ў рукі ўзяць, але насамрэч яны з тоўстага шкла, толькі шкло гэтае празрыстае. І яшчэ – жабкі, Дзяды Марозы, касманаўты, парашутысты…

      На Новы год да дзяўчынкі ў госці прыехалі тата і мама. І дзяўчынка была вельмі радая…

      Дзяўчынка паспрабвала прылегчы на лёд, наблізіла твар да зялёнай паверхні. Штосьці быццам пачала бачыць і тут пачула голас – яе клікаў тата.

      Дзяўчынка хутка падхапілася – было важна, каб ніхто не заўважыў яе на лёдзе.

      Падбегла да таты. Ён стаяў ля брамкі, што выходзіла на бераг, і трымаў у руках памаранчавы цацачны шрубалёт. Гэта цацка такая – калі шморгнеш за матузок, шрубалёт зрываецца і ляціць – амаль як сапраўдны. І дастаткова далёка ляціць.

      Дзяўчынка запусціла шрубалёт, і ён паляцеў… паляцеў… і сеў на лёд.

      Дзяўчынка пабегла да ракі, але тата спыніў:

      – Не трэба, я сам. Табе нельга на лёд.

      Ён асцярожна спусціўся на лёд і ўзяў памаранчавую цацку. Дзяўчынка стаяла, чакала тату.

      – Чаму мне нельга на лёд? – спытала, калі тата вярнуўся.

      – Бо можна праваліцца. А гэта самае страшнае. Ты ведаеш, што бывае з тымі, хто праваліцца пад лёд?

      – Не… Што?..

      – Чалавека пад лёд зацягвае, ён б’ецца знізу галавой, але лёд не прабіваецца, яго цягне далей, і чалавек задыхаецца.

      Яны пайшлі ў дом. Дзяўчынка з’ела пару мандарынаў пад ялінкай, пагуляла з коцікам і зноў пайшла на бераг. Сонца ўсё яшчэ свяціла, снег блішчэў, лёд вабіў. Але нешта змянілася. На беразе з’явіўся чалавек.

      Каля трубы, з якой выцякала гарачая вада, стаяла незнаёмая дзяўчынка ў зялёнай вязанай шапачцы і з белымі валасамі да плеч. Стаяла і глядзела на каляровую ваду.

      Над гарачай вадой уздымалася пара. Дзяўчынка падышла да незнаёмай і стала побач. Доўга яны стаялі моўчкі і глядзелі ў каляровую брыдкую ваду. Пасля дзяўчынка спыталася:

      – Як тваё імя?

      – Юля.

      Яна