сляпую і няўцямную вакханалію гукаў, якую немажліва апісаць.
Раптоўны парыў ветру, значна мацнейшы за папярэднія, падхапіў спісаныя аркушы і панёс іх да акна. Я кінуўся быў следам у спадзяванні ўратаваць рукапіс, але аркушы ўжо зніклі ў цемрадзі ночы. Апынуўшыся ля акна з паразбіванымі шыбамі, я нечакана ўспомніў сваё даўняе жаданне вызірнуць з яго – адзінага акна на ўсёй вуліцы д’Асэй, з якога можна было ўбачыць схіл за сцяной і горад, што распасціраўся ўнізе. Час быў позні, але агні вялікага горада ніколі не згасаюць, і я хацеў разгледзець іх у начной непагадзі скрозь завесу дажджу.
Зірнуўшы за акно мансарды, я знерухомеў. У пакоі паміргвалі свечкі, і віёла стагнала ды енчыла, туруючы завыванням ветру, а я ўсё глядзеў, глядзеў і не бачыў ні горада ўнізе, ні россыпу агеньчыкаў над начнымі вуліцамі. Перада мной ляжаў бязмежны чорны абшар, і тое чарноцце было жывое, напоўненае няўяўнымі патаемнымі рухамі і музыкай, што не мела падабенства ні з чым на зямлі. І пакуль я, зледзянелы ад жаху, глядзеў у акно, у мансарду пад вастракутным дахам уварваўся новы парыў ветру і задзьмуў абедзве свечкі, пагрузіўшы мяне ў першабытную непранікальную цемру, у якой не было нічога – толькі жывы ўцялеснены хаос перад вачыма ды енкі звар’яцелай віёлы, нібы выццё дэманаў у мяне за спінай.
Я мімаволі адхіснуўся і адступіў. Не могучы запаліць святло, я ў цемры наляцеў на стол, перакуліў крэсла і нарэшце навобмацак дабраўся да таго месца, дзе ў цямрэчы хавалася крыніца дэманічнай музыкі. Я не ведаў, з якімі сіламі мне давялося сутыкнуцца, але мог хаця б паспрабаваць выратаваць і сябе, і Эрыха Цана. У нейкі момант мне здалося, быццам штосьці жывое і нябачнае праплыло паўз мяне, – адчуўшы яго халодны дотык, я ўскрыкнуў, але мой вокліч патануў у пранізлівым ляманце віёлы. Раптам аднекуль з цемры вылецеў смык, злёгку мяне зачапіўшы, і я зразумеў, што стаю зусім побач з музыкам. Выцягнуўшы перад сабою рукі, я намацаў спінку крэсла, на якім сядзеў Цан, затым адшукаў самога музыку і патрос яго за плячо, спрабуючы прывесці ў прытомнасць.
Ён ніяк не адрэагаваў на мае дотыкі, а віёла ўсё выла і енчыла, не запавольваючы свайго ашалелага рытму. Тады я працягнуў руку да галавы Цана, спрабуючы спыніць механічнае ківанне, і крыкнуў яму ў вуха, што мы мусім бегчы, бегчы прэч з гэтай цемры, поўнай нябачных кашмараў. Ён не азваўся, з незразумелай упартасцю доўжачы сваё ўтрапёнае гранне, а дзіўныя токі ветру, што гулялі па цёмнай мансардзе, раптам завірылі і быццам пайшлі ў шалёныя скокі ў такт гукам віёлы. Калі мая рука дакранулася да яго вуха, я скалануўся. Яшчэ не ўсвядоміўшы прычыну свайго спалоху, я прабег пальцамі па ягоным твары – той быў застылы і халодны як лёд. Стары музыка ўжо не дыхаў, а яго ашклянелыя вочы невідушча глядзелі ў пустэчу. Нейкім цудам адшукаўшы дзверы, я адкінуў цяжкую засаўку і пабег – усё роўна куды, толькі б далей ад гэтага мерцвяка са шкляным позіркам – і, бегучы, я чуў у сябе за спінай завыванні праклятай віёлы, чыё шаленства мацнела з кожнай хвілінай.
Пераскокваючы