Говард Філіпс Лаўкрафт

Кліч Ктулху (зборнік)


Скачать книгу

стодаў, а хуткая плынь у залацістым зіхценні вілася і вілася ўсцяж зарослых травамі берагоў, пад гратэскавымі мармуровымі мастамі. А вусны мёртвых лотасавых абліччаў нашэптвалі няясныя заклёны, вабілі мяне, прымушаючы рушыць услед за плынню, пакуль яна не ператварылася ў паўнаводную раку, што, мінаючы балоты, парослыя чэзлым трыснягом, і белыя пясчаныя выдмы, бегла да неабсяжнага безназоўнага мора.

      Над тым морам зіхцела ненавісная поўня, і дзіўныя водары луналі па-над маўклівымі хвалямі. Я глядзеў, як лотасавыя абліччы знікаюць у бяздонні вод, і шкадаваў, што не маю сетак, каб выцягнуць іх на бераг і выведаць, якія таямніцы прынесла поўня ў начны сусвет. Але калі поўня пачала хіліцца да краю мора і воды бясшумна адступілі, агаліўшы панурае ўзбярэжжа, я ўбачыў у месячным ззянні старадаўнія спічакі, што ўздымаліся над хвалямі, і белыя калоны, абвітыя гірляндамі зялёнага багавіння. І, зразумеўшы, што ў гэтым патанулым горадзе знаходзяць прытулак памерлыя, я задрыжаў, не жадаючы больш гутарыць са знежывелымі лотасамі.

      Аднак калі я ўбачыў далёка над морам чорнага кондара, які спускаўся з нябёс, каб адпачыць на гіганцкім рыфе, то захацеў звярнуцца да яго, спытацца пра тых, каго я ведаў, калі яны яшчэ жылі. Я б спытаў у яго, калі б ён не быў так далёка, – але ён быў занадта далёка і неўзабаве, наблізіўшыся да велічэзнага рыфа, знік з вачэй

      А поўня ўсё хілілася да мора, і над хвалямі, якія адступалі, з’яўляліся бліскучыя шпілі, дахі і вежы мёртвага, набрынялага вільгаццю горада. Я глядзеў зачаравана, а ў ноздры мне біў задушлівы пах разлажэння, мацнейшы за водары мора: пэўна, гэтае месца, згубленае і ўсімі забытае, было ўмяшчальняй мёртвай плоці, сабранай з усіх цвінтароў сусвету, каб тлустыя марскія чарвякі жэрлі яе і насычаліся.

      І над гэтым кашмарам свяціла, нізка схіліўшыся, зласлівая поўня – зрэшты, ненаедныя марскія чэрві не мелі патрэбы ў яе святле. І, сузіраючы гэтую водмель, якая зыбалася ад варушэння чарвякоў унізе, я адчуў халодны павеў аднекуль здалёк – адтуль, дзе лунаў чорны кондар, быццам маё цела пачула дотык жаху да таго, як мае вочы яго разгледзелі.

      Падняўшы позірк, я зразумеў, што было прычынай няяснага страху, які прымушаў мяне скаланацца: марскія воды адхлынулі, і гіганцкі рыф, чыя макавіна нядаўна ўзвышалася над хвалямі, цяпер паўстаў перада мною ва ўсёй сваёй велічы. І калі я ўбачыў, што гэта не рыф, але чорная базальтавая карона, якая вянчае велічэзны стод, чый пачварны лоб паблісквае ў цьмяным святле поўні, а гідкія капыты, пэўна, топчуць глей дзесьці ў пякельных глыбінях, я закрычаў – закрычаў як шаленец ад жаху перад тым, што мяне чакае, калі падступная жоўтая поўня скоціцца з небасхілу, а аблічча стода, дагэтуль схаванае, пакажацца над паверхняй і ягоныя вочы ўтаропяцца ў мяне.

      І каб унікнуць гэтага бязлітаснага позірку, я без ваганняў і амаль з асалодай кінуўся ў смуродныя плыткія воды, дзе сярод ззелянелых муроў і затопленых вуліц распухлыя марскія чарвякі балявалі на мёртвай плоці, сабранай з усіх цвінтароў сусвету.

Пераклала Уладзіслава