не мелі нічога агульнага з той дзівотнай музыкай, што начамі даносілася з мансарды.
Мелодыі, якія мне штоночы даводзілася чуць, неадчэпна круціліся ў памяці, я нават часам няўмела напяваў альбо насвістваў іх самому сабе, і калі музыка адклаў нарэшце смык, я папрасіў яго сыграць яшчэ, гэтым разам які-небудзь з тых матываў, што запомніліся мне. Але варта мне было загаварыць аб гэтым, як яго маршчакаваты, завостраны, нібы ў сатыра, твар страціў выраз ціхамірнага спакою, з якім ён граў дагэтуль, і на абліччы старога музыкі зноў адлюстравалася дзіўнаватая сумесь гневу і страху, якую я заўважыў, калі мы толькі сустрэліся. Палічыўшы гэта звычайным старэчым дзівацтвам, я пачаў яго ўгаворваць і, спадзеючыся залагодзіць, паспрабаваў нават насвістаць некаторыя мелодыі, пачутыя напярэдадні ноччу. Аднак доўжылася гэта ўсяго некалькі імгненняў, бо калі нямы музыка расчуў знаёмыя матывы, ягоны твар раптам пакутліва скрывіўся, і стары рэзка выцягнуў да мяне руку, каб заціснуць мне рот сваёй халоднай кашчавай далонню. Гэты эксцэнтрычны ўчынак пацягнуў за сабой наступныя. Прымусіўшы мяне замаўчаць, музыка кінуў спалоханы позірк у бок завешанага дахавага акенца, быццам баючыся чыйгосьці ўварвання звонку, што было больш чым абсурдна: мансарда размяшчалася так высока, што прабрацца туды з даху якогасьці з прылеглых дамоў было папросту немагчыма, а да таго ж ягонае акенца было адзіным на ўсю вуліцу, з якога можна было ўбачыць панараму горада паўзверх сцяны, што вянчала вяршыню ўзгорка. Прынамсі, так мне гаварыў гаспадар дома.
Прасачыўшы за позіркам старога, я згадаў словы Бландо і раптам адчуў безразважнае жаданне вызірнуць у акенца і палюбавацца з галавакружнай вышыні морам гарадскіх агнёў і залітых месячным святлом дахаў на схіле ўзгорка – краявідам, схаваным ад вачэй усіх, хто жыў на вуліцы д’Асэй, акрамя гэтага дзівакаватага музыкі. Я падышоў да акна і хацеў быў адхінуць несамавітага выгляду фіранкі, але нямы старац раптам кінуўся да мяне і з неўтаймаванай лютасцю, якая перасягала ўсе яго папярэднія ўспышкі гневу, аберуч учапіўся мне ў вопратку і пацягнуў да выхаду, шматзначна ківаючы галавой у бок дзвярэй. Такі выбрык мяне абурыў, і я загадаў яму неадкладна адпусціць мяне, дадаўшы, што я і без таго збіраюся сыходзіць. Ён паслабіў хватку і, бачачы маю прыкрасць і крыўду, трохі ўтаймаваў свой гнеў. Ягоныя пальцы зноў сціснуліся вакол маёй рукі, але гэтым разам неяк больш па-сяброўску, і ён пацягнуў мяне да крэсла. Прымусіўшы мяне сесці, ён з нейкім тужлівым выглядам схіліўся над загрувашчаным сталом і алоўкам накрэмзаў запіску на дрэннай французскай.
У запісцы, якую ён падаў мне, была просьба дараваць яму і праявіць памяркоўнасць. Цан пісаў, што ён вельмі стары і самотны, пакутуе на прыступы страху і нервовы разлад, звязаны з музыкай і некаторымі іншымі рэчамі. Яго вельмі ўсцешыла, што я завітаў сюды, каб паслухаць ягоную музыку, і ён спадзяецца, што я буду наведвацца і надалей, нягледзячы на яго дзівацтвы. Што ж да тых дзіўных мелодый, то ён не ў стане граць