Говард Філіпс Лаўкрафт

Кліч Ктулху (зборнік)


Скачать книгу

і тады мне з цяжкасцю верылася, што гэта грае адзін-адзіны чалавек. Відавочна, Эрых Цан быў геніем неймавернай моцы. Міналі тыдні, музыка рабілася ўсё больш неўтаймаванай, а стары марнеў на вачах і далей замыкаўся ў сабе. Ён ужо не адчыняў дзверы, у які б час я ні наведаўся да яго, і адкрыта пазбягаў мяне, калі мы выпадкова сутыкаліся на лесвіцы.

      І вось аднойчы ноччу, калі я па сваім звычаі слухаў віёлу, стоячы ля дзвярэй, яе дзівосная музыка раптам ператварыліся ў бязладны гармідар гукаў. Гэтая какафонія гучала так пачварна, што я б усумніўся ў сваім розуме, калі б не сумнае пацверджанне, што тое быў не падман слыху: з-за замкнутых дзвярэй даносіліся жахлівыя невыразныя енкі, якія можа выдаваць толькі нямы ў імгненні гранічнага жаху і адчаю. Я некалькі разоў грукнуў у дзверы, але адказу не атрымаў. Пэўны час я проста стаяў у цёмным калідоры, дрыжучы ад холаду і страху, пакуль за дзвярыма не пачуўся шоргат – я здагадаўся, што няшчасны стары спрабуе падняцца з падлогі, абапіраючыся на крэсла. Палічыўшы, што ён толькі што ачуняў пасля кароткай страты прытомнасці, я зноў пачаў стукаць у дзверы, адначасова называючы сваё імя, каб хоць крыху падбадзёрыць музыку. Я чуў, як Цан падышоў, накульгваючы, да акна і шчыльна зачыніў не толькі створкі, але і аканіцы, затым няпэўнай хадой наблізіўся да дзвярэй і, доўга праваждаўшыся з замкамі і засаўкамі, адчыніў іх. Гэтым разам ён быў па-сапраўднаму рады бачыць мяне, і на яго збялелым твары чыталася палёгка, калі ён чапляўся за маю вопратку, як дзіця чапляецца за спадніцу маці.

      Калоцячыся ўсім целам, стары прымусіў мяне сесці на адно з крэслаў і сам усеўся побач. Віёла і смык, нядбайна кінутыя на падлогу, ляжалі каля яго ног. Некаторы час ён сядзеў амаль нерухома, дзіўна ківаючы галавой і пры гэтым напружана і насцярожана да чагосьці прыслухваючыся. Нарэшце, быццам трохі супакоіўшыся, падняўся, прайшоў да стала, накрэмзаў кароткую запіску і падаў яе мне, а потым, уладкаваўшыся на крэсле, пачаў таропка і бесперапынна пісаць. У запісцы нямы старац заклікаў мяне быць міласэрным і, калі я хачу задаволіць сваю цікаўнасць, крыху пачакаць, пакуль ён не скончыць ліст, дзе, ужо на роднай яму нямецкай, падрабязна раскажа пра ўсе цуды і жахі, што атачалі яго ў апошні час. Я цярпліва чакаў, назіраючы, як яго аловак лётае па паперы.

      Мінула, пэўна, добрая гадзіна, а стары музыка яшчэ не скончыў сваю споведзь, і стос ліхаманкава спісаных аркушаў на стале ўсё большаў. Раптам Цан скалануўся, нібы ў моцным спалоху, і, прасачыўшы за яго позіркам, я ўбачыў, што ён пільна глядзіць на завешанае акно, пры гэтым трывожна прыслухваючыся. У той момант мне самому прычуўся нейкі гук – не застрашлівы, а хутчэй вытанчана нізкі, які даносіўся аднекуль здалёк. Больш за ўсё гэта нагадвала дзіўную мелодыю, якую выконваў невядомы музыка ці то ў адным з суседніх дамоў, ці то па той бок высачэзнай сцяны, зазірнуць за якую мне так і не пашчасціла. На самога Цана гэта зрабіла жахлівае ўражанне. Кінуўшы аловак, ён рэзка ўстаў і падхапіў з падлогі сваю віёлу. Мелодыі, што вывергнуліся з-пад