Воўк не мог прыгадаць аніякіх падрабязнасцяў сустрэчы з вялікім канцлерам. Усё рабіў, як падшэптваў малады шляхціц. Спыніліся ля дзвярэй з—за якіх глуха далятаў нечый голас.
– Пачакаем, – загадаў афіцэр.
Але дзверы раптам адчыніліся і выпусцілі на калідор чалавека з пукам свечак у руках.
– У яснепана канцлера хто—небудзь? – запытаўся афіцэр.
Чалавек акінуў Ваўка здзіўлена зняважлівым позіркам.
– Яснепан вялікі канцлер складае ліст да яснепані вялікай канцлеравай, – напышліва адказаў запытаны. – Яму перашкаджаць няможна.
Афіцэр прыгледзеўся чалавеку вельмі пільна.
– Можа і нас не прагоніць, калі Адаму Пракапчуку можна.
Той, са свечкамі натапырыўся.
– ПАНУ Пракапчуку, вашмосьць!
Афіцэр склаў пану Пракапчуку здзеклівы паклон.
– Пан Клімэнт Вялічкевіч шчыра перапрашае пана Адама Пракапчука!
Той сярдзіта чмыхнуў і важна аддаліўся.
– Смоўж прыліплівы! – не цырымонячыся кінуў услед пан Клімэнт Вялічкевіч.
– Мне ён таксама не спадабаўся, – даверліва падтрымаў Воўк.
– Не пусціў бы яго ў свой курэнь? – са смехам запытаўся афіцэр.
– Ані ў якім разе! Ненадзейны! – сур'ёзна адказаў Воўк.
Пан Вялічкевіч кінуў на Ваўка здзіўлены але ўхвальны позірк.
– Што ж, хадзем, – злёгку стукнуў у дзверы і расчыніў іх. – Яснепане, ганец ад пана Ігната Бражыны з лістамі! – не сцярпеў без жарту.
Злёгку штурхнуў Ваўка ў плячук, адначасна ледзь заўважным націскам падказаў пакланіцца.
Воўк схіліўся ў паклоне і зірнуўшы на вялікага канцлера, працягнуў пакунак з лістамі.
– Вось, яснавяльможны пане, ва ўласныя рукі, як загадана.
Самавіты, сталых год чалавек у багатых шатах выглядаў так, як і намроіў сабе Воўк па дарозе. Ну можа шаты былі не такія бліскучыя, як думалася, можа і змаршчкі на твары і сівізна не прадгадваліся. І барада з ахайнымі вусамі не старыла.
Затое погляд, пастава былі нібы ў караля! Хоць і караля Ваўку бачыць не здарылася. Ледзь заўважная ўсмешка кранула вусны вялікага канцлера, ён узяў пакунак з рук Ваўка і падаў афіцэру. Той, агледзеўшы пячаткі і кіўнуўшы вялікаму канцлеру на яго маўклівы дазвол, пачаў асцярожна разразаць тканіну прыгожым нажом, які акурат ляжаў на стале побач розных прыладаў пісьма. Леў Сапега прайшоўся да свайго крэсла, сеў.
– Дзе ж навучыўся строга следаваць загадам? Сам хто будзеш?
– Казак я, яснавяльможны пане, Менскага кураня, толькі сотня мая разбіта, уцёк з палону і ўратаваны панам Бражынам, вашым ганцом, застаюся ў ягонай дыспазіцыі.
Выклаў усё адным духам і змоўк з трымценнем сэрца. Сапега ўсміхнуўся, пачуўшы пра дыспазіцыю. Не марнаваў хлопец часу блізу афіцэраў.
– Кароткі жыццяпіс, але ж не поўны. У казаках, як разумею, не так і даўно?
Пытанне гучала як сцверджанне і гэта было самае страшнае. Воўк ужо быў гатовы да найгоршага, але афіцэр акурат паклаў перад канцлерам спрасаваны пачак лістоў і звярнуў