Аркадзь Ліцьвін

Дыплом на царства


Скачать книгу

калі той ледзь не апаў на седала.

      – Ваявода Валуеў б’е чалом вашай міласці, дасылае ліст і пераказы.

      – Калі будуць пераказы, навошта мне той ліст, – кінуў князь з дакорам – Мог жа і да непрыяцеля трапіць.

      Пасланец адмоўна пакруціў галавою.

      – Генерал Хорн схапіў француза з лістом гетмана да чужаземцаў, каб пераходзілі да яго на службу. То генерал распарадзіўся француза павесіць, а другі ліст, пры ім знойдзены, вось гэты, гаспадзіну Валуеву перадаў.

      Ён выцягнуў з—за пазухі не вельмі ахайна складзены ўчацвёра аркуш. – Гаспадзін Валуеў пакамечыў у злосці, – патлумачыў ганец. – Пасля распрастаў і загадаў найперш паказаць вашай міласці.

      Князь узяў ліст, нібы збіраючыся чытаць, але тут жа грэбліва падаў ад’ютанту.

      – Не люблю я гэтага лацінства…

      Ад’ютант разгарнуў паперыну і прыгледзеўся.

      – Ліст беларускага пісьма, святлейшы, – заўважыў ён. – Блізка нашаму.

      Князь засоп.

      – Ну і чытай па нашаму. Чай Масква трэцім Рымам, а не Вільна!

      Лістом паведамлялася, што бліжэйшым часам гетман забярэ большую частку войска ад Царова Займішча, каб скіравацца хутчэй за ўсё супраць галоўнага войска. Такім чынам створыцца аказія вырвацца Валуеву з аблогі, разнесці гэтую частку ды ўдарыць ззаду на войска гетмана на маршы, куды б ён ні кіраваўся. Ад’ютант устрывожана зірнуў на князя. Верыць ці не верыць, вестка надзвычайнай вагі! Разбіць непрыяцеля па частках у кожным выпадку і лягчэй і страт менш. Князь таксама думаў.Але не доўга. – Хітры паляк хоча вывабіць Валуева і разбіць, пакуль мы падаспеем, – прамовіў упэўнена.

      – Святлейшы так мяркуе? – рашыўся ад’ютант. – А што ж Валуеў? – ад’ютант хацеў гэта ведаць найперш.

      – Ён падумаў тое самае, святлейшы, – пасланец скіраваў адказ князю, – але палічыў, што вам варта пабачыць гэты ліст. Ад’ютант не сумняваўся, што Валуеў не выключае здрады ў атачэнні Жулкеўскага і спадзяецца на абазнанасць галоўнага ваяводы ў гэтай матэрыі. Князь меў неабмежаваныя магчымасці для выведкі, але навошта гэты клопат, калі заўтра—пазаўтра прывядуць хітрага гетмана на шворцы. Псу пад хвост пойдзе ягоная пастка.

      – Я вам абодвум кажу, што ліст гэты сам Жулкеўскі і даслаў. Ведае нашу сілу і спадзяецца знішчыць па частках. А як жа яшчэ гэтыя хітрыкі разглядаць? – здзівіўся князь.

      Ад’ютант павагаўся, але паспрабаваў прымусіць князя глыбей задумацца над паведамленнем.

      – Але ж, дазвольце зазначыць, святлейшы, незычлівых Жулкеўскаму хапае, – ад’ютант пахіліў галаву ў паклоне. – Шмат каму залежыць, каб славуты гетман панёс паразу і не мог прэтэндаваць на заслужаную вялікую булаву. Нават кароль, хоць і даруе, будзе ціха радавацца. Урэшце не такое шматлікае войска страціць, каб шкадаваць.

      Князь задумаўся. Разумеў, што Валуеў з Елецкім баяцца браць на сябе ўсю адказнасць у рызыкоўным рашэнні. Ведалі, што атрымаюць, а дакладней страцяць, у выпадку памылкі. Толькі навошта князю ўсё ўзвальваць на сябе? Брат то брат, але не дзіва, калі цар