Аркадзь Ліцьвін

Дыплом на царства


Скачать книгу

з кубка. – Аддорак яму вінен.

      Француз са знаўствам дасведчанага апавядальніка счакаў, колькі трэба, каб зацікавіць.

      – Старая гісторыя, – працягваў весела. – У Інфлянтах, пад Вольмерам, як мы ні бараніліся, мусілі паддацца Жулкеўскаму, – пачакаў пакуль тлумач перакажа, – Чатыры гады ў палоне… Прысягаў, што супраць Рэчы Паспалітай ваяваць не буду ды іначай карта выпала…

      Дэлагардзі абвёў застолле забіяцкім поглядам, ці ўсе слухаюць.

      – Дык вось тады гетман падарыў мне шыкоўную шубу з футра рысі.

      Маскавіты былі ўражаны рыцарскім учынкам. Тое, што рыцар Дэлагардзі не трымаўся свайго слова, прысутных не кранула: за ахвяраваныя царом грошы…

      – То я падрыхтаваў яму собаля! – пад агульны рогат выгукнуў француз па маскоўску. Старанна засвоіў сказ, рыхтуючыся да застолля. Вось гэта спосаб збіць пыху з непераможнага гетмана!

      – Знамо дело, надо отдаріць! – усклікнуў Шуйскі, узмахам рукі загадваючы наліць кубкі. – Што ён, цікава зараз робіць? – запытаўся ва ўсіх і ў самога сябе.

      – А напэўна сядзіць ды прыкідвае, як вытаргаваць памяркоўныя варункі капітуляцыі, – пад агульны смех пераказаў тлумач словы Дэлагардзі.

      Шуйскаму спадабалася гэта замежнае слова. Уявіў як будзе каціцца яно па натоўпе, калі павядзе вуліцамі Масквы паланёнага гетмана і ягоных палкоўнікаў.

      – Ка—пі—ту—ляцыя! – паўтарыў князь па складах і ўзняў чару. – За капітуляцыю!

      Падтрымалі дружна і з гоманам, не ведаючы за што п'юць.

      Necessitas in loco, spes in virtute. Надзея ў мужнасці, ратунак у перамозе…

      Насуперак меркаванню Дэлагардзі, гетман думаў, як перамагчы. Далятала звяганне, што старому свет абрыд і яму ўсёроўна ацалець ці гінуць разам з войскам. Але не зважаючы на балбатню зласліўцаў, Жулкеўскі ані сам паміраць не думаў, ані войска аддаваць на згубу не збіраўся.

      Нястомна рассылаў выведку, данясенні слухаў асабіста. Вось толькі што чацвёра немцаў, выбраўшыся ад маскавітаў да каралеўскага войска, ахвотна расказалі, што ведалі. Непрыяцель быў за чатыры мілі і нібыта збіраўся ўдарыць назаўтра. Гетман вырашыў спачатку разбіць Шуйскага з Дэлагардзі, а затым змусіць да капітуляцыі лагер пад Царовым Займішчам.

      Дэлагардзі весяліў застолле байкай пра собаляў, а Жулкеўскі акурат на той час паклікаў сваіх ротмістраў: – Маскавіты далей не пойдуць, – цвёрда, дзеля абавязковага засваення прамовіў Жулкеўскі. – Хіба што ў выпадку здрады, але на гэта мы не павінны разлічваць.

      Павёў позіркам па сабраных, ці засяроджана слухаюць.

      – Чатыры тысячы казакоў і восем соцень пяхоты застаюцца тут, – распарадзіўся ён. – Іх задача не выпусціць з фартэцыі маскавітаў ні па ежу, ні па ваду, ні дзеля выведкі. Валуеў з Елецкім павінны думаць, што аблога не аслабела і ўсе мы тут. Роты паноў Каліноўскага і Бабоўскага, разам, як я памятаю, сем соцень, будуць апорай.

      Помрук ухвалы прайшоў па рэгімэнтарах і палкоўніках. Шмат было незадаволенасці, калі пасля першых сутычак гетман загадаў узнесці насупраць маскавіцкай фартэцыі палявыя